Тур: Кошт свініны на рынку мяне пакуль не палохае

110829 Luka6uk Tur.mp3

Нават Белстат прызнае, што ад пачатку года спажывецкія кошты выраслі амаль на 50 адсоткаў. Еўрарадыё даведалася, ці адчулі гэта на сабе беларускія чыноўнікі і ці пачалі сябе ў нечым абмяжоўваць.

Намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур прызнаецца Еўрарадыё, што яго сям’я гэты рост коштаў на прадукты асабліва не адчула. Тое, што яны выраслі, намеснік міністра заўважыў. І марскую рыбу набыць стала складана.

Андрэй Тур: “Сям’я невялікая ў нас і таму расходы не вельмі і вялікія. І такога (абмежавання сябе ў нечым — Еўрарадыё) няма. Хаця, сапраўды, сітуацыя — дарагавата ўсё, кошты растуць. Але мне цяжка гэта ацаніць, бо я — “малаежка”. Адзінае, што кінулася, — выбар рыбы марской стаў значна меншы. Тут ужо нават не тое, што мы выбіраем альбо не. Тут і выбіраць асабліва няма з чаго”.

Еўрарадыё звяртае ўвагу чыноўніка на тое, што на паліцах крамаў практычна няма свініны. І пацікавілася, дзе гэты прадукт набывае намеснік міністра эканомікі.

Андрэй Тур: “Я хаджу адзін раз на тыдзень — альбо ў суботу, альбо ў нядзелю — на рынак: на рынку мяса яшчэ можна набыць. У прынцыпе можна”.

Еўрарадыё: “І якую частку бярэце, што любіце?”

Андрэй Тур: “Раз на раз не прыходзіцца. Можа — якую “філешку”, можа — яшчэ што. Як калі!”

Еўрарадыё: “А на кошт увагу звяртаеце?”

Андрэй Тур: “Зразумела!”

Еўрарадыё: “І як — гэтыя кошты вас не палохаюць?”

Андрэй Тур: “Пакуль не!”

Дарэчы, калі свініну ўдасца набыць у краме, то “выцягне” яна з сямейнага бюджэту ад 10 да 37 тысяч рублёў за кілаграм. На рынках жа за такі ж кавалак просяць як мінімум у 2,5 разы больш.

Былы сенатар, пісьменнік і старшыня Савета па маральнасці Мікалай Чаргінец прызнаецца, што калі раней, едучы на дачу, набываў для шашлыка добрую свініну, то цяпер абыходзіцца каўбаскамі. Ці зелянінай, вырашачанай жонкай на градках. Бачыць у гэтым прыкметы надыходзячай галечы старшыня афіцыйнага Саюза літаратараў не жадае.

Мікалай Чаргінец: “Жонка зараз пойдзе на рынак, паглядзіць — і тое, чаго раней брала больш, зараз возьме менш. Ці нешта не возьме, альбо возьме што прасцей. Гэта натуральна, гэта нармальна. Фінансавыя магчымасці зменшыліся ў сям’і і зразумела, што трэба разлічваць на тое, што ёсць”.

І раіць ставіцца да росту коштаў на прадукты па-філасофску. Маўляў, усё праходзіць — і гэта пройдзе.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, месным самакіраванні і рэгламенце Ларыса Кузняцова на пытанне пра тое, ці стала яна апошнім часам больш эканоміць, адказвае, што, незалежна ад эканамічнай сітуацыі ў краіне і фінансавага стану асобнай сям’і, сапраўдны гаспадар мусіць быць беражлівым.

Ларыса Кузняцова: “Любая гаспадыня, які б заробак яна ні атрымлівала, заўсёды павінна з розумам і эканомна расходаваць свой бюджэт. І дэпутаты, і дактары, і настаўнікі, і дворнікі, мне падаецца, нічым адзін ад аднаго не павінны адрознівацца, калі яны беражлівыя гаспадары. Я была гаспадыняй, заўсёды старалася ёй быць, і пакуль мне гэта ўдаецца”.

Праўда, адказаць на пытанне, дзе і ў чым апошні раз яна сваю беражлівасць праявіла, адмовілася. Назвала гэтае пытанне некарэктным.

Дарэчы, паводле звестак Белстата, у жніўні кошты на свініну выраслі на 29%, на жывую рыбу — амаль на 20%, паўфабрыкаты мясныя з ялавічыны — больш як на 19%, ялавічыну першай катэгорыі — на 15% і на каўбасу паўвэнджаную і курыныя яйкі — больш як на 15%.

Фота: http://fota.bymedia.net/