Трэніравацца на корце ў Раўбічах 70-гадовая бабуля больш не зможа

110831 Luka6uk Raubi4y.mp3

У кастрычніку 2007 года ў Раўбічах разгарэўся скандал, галоўнымі фігурантамі якога сталі 70-гадовая бабуля, тэнісны корт на беразе вадасховішча і... вядомы тэнісіст Максім Мірны. Тады супрацоўнікі Дзяржкантролю і следчыя пракуратуры Мінскага раёна высветлілі, што на самым беразе мясцовага вадасховішча былі незаконна пабудаваныя тэнісныя корты. Паводле ўсіх афіцыйных папер, пабудавала іх сабе 70-гадовая маці гаспадара катэджа, што стаіць побач з ім.

“Гэты злашчасны корт аформлены на старую бабулю. Я ўласніку задаваў пытанне. Кажу: “Вашая маці будзе гуляць у тэніс у 70-гадовым узросце?” Пагадзіцеся, тут узнікаюць пэўныя пытанні”, — казаў Еўрарадыё следчы пракуратуры ў 2007 годзе.

І паабяцаў, што корты ў любым выпадку забудоўшчыкаў прымусяць знесці. Найперш таму, што яны пабудаваныя не толькі незаконна, але і з парушэннем прыродаахоўнага заканадаўства — слупы агароджы стаяць ля самай вады, а павінны быць на адлегласці не менш як 30 метраў.


Еўрарадыё наведала Раўбічы і даведалася, чым скончылася тая гісторыя чатырохгадовай даўніны.

Знайсці той скандальны корт апынулася не так проста. Зараз Раўбічы амаль на 90% складаюцца з выбітных катэджаў, жыхары якіх альбо не хацелі ні з кім гаварыць увогуле, альбо адсутнічалі. А мясцовыя жыхары, у большасці бабулі сталага ўзросту, мала цікавяцца тым, што адбываецца за высокімі платамі маёнткаў.

Найчасцей адказ гучаў так, як і ў выпадку з бабуляй Ганнай.

Бабуля Ганна: “Нічога я не ведаю”.

І так некалькі чалавек запар. Пакуль нарэшце мне не трапілася больш абазнаная суразмоўца.

Валянціна Міхайлаўна: “Там вось дом такі стаіць — там былі корты. І гэтыя корты былі да самага-самага возера. Там быў скандал нейкі”.




Следчы эксперымент Еўрарадыё пацвердзіў: сапраўды, зараз паміж агароджай былых кортаў і вадасховішчам не менш як 30 метраў бур’яну — усё паводле закону. Праўда, ад саміх кортаў там калі што і засталося, то толькі высокая сетка-агароджа. Замест спецыяльнага пакрыцця — звычайны газон, замест сеткі — вароты для міні-футбола. Да і на пакінутай аматарам вялікага тэніса тэрыторыі асабліва гэтым спортам не зоймешся — замалая.



Хто зараз жыве ў катэджы, мясцовыя жыхары не ведаюць. Сапраўды выглядае на тое, што ў самім доме, схаваным за высокім шчыльным плотам, рэдка хто бывае. Але з боку возера відаць, што двор выглядае досыць дагледжаным.



Што ж тычыцца таго, ці не спрабуе хто зараз у Раўбічах будавацца незаконна, на самым беразе возера, то Валянціна Міхайлаўна правяла сапраўдны экскурс.

Валянціна Міхайлаўна: “Вось, зараз будзеце адсюль ісці і там злева ўбачыце, што ізноў пачынаецца будоўля. Там неяк пабудавалі нешта з бярвення, казалі, што рэстаран будзе ці што. А потым з-за таго, што блізка да возера, трэба, каб 30 метраў было, разабралі тое ўсё, а цяпер на тым жа месцы ізноў нешта будуюць. А далей за тымі кортамі раней быў дзіцячы садок — яго таксама нехта выкупіў. Анархія вакол і парадак! Вось і тут зямлю павыкуплялі, а потым прадаюць. Адзін вось тут дом пабудаваў, там у яго тры дамы. Ён хоча за іх па 300 тысяч еўра — вунь, там тыя дамы прадаюцца”.





А яе суседка Святлана Іванаўна расказвае пра яшчэ адзін кавалак берага, агароджаны сеткай.

Святлана Іванаўна: “Нібыта збіраліся прыватызаваць бераг — сеткай яго агарадзілі. Нібыта, гаспадар планаваў зрабіць там баскетбольную пляцоўку. Але ці прыватызаваў ён тое, ці законна гэта — я не ведаю”.

Сапраўды знайшоў той агароджаны кавалак берага. Але па вышыні бур’яна на ім цяжка ўявіць, хто там здолеў бы гуляць у баскетбол.



Па назіраннях, на беразе вадасховішча ў Раўбічах актыўна працягваецца будоўля. Праўда, ніхто да самай вады зямлю не захоплівае.

Фота: Змітра Лукашука