Свядома адмовіліся быць донарамі пасля смерці каля 30 беларусаў

Як даведалася Еўрарадыё, у краіне рыхтуецца новы праект закона "Аб трансплантацыі органаў і тканак чалавека". Сёння кожны грамадзянін Беларусі аўтаматычна з'яўляецца донарам. Каб адмовіцца, трэба аформіць пісьмовую заяву. Еўрарадыё паспрабавала адмовіцца.

У паліклініках пакуль не ведаюць, як гэта зрабіць. Паводле праекту закона, заяву з адмовай трэба будзе несці менавіта туды.

 

— А хто вас прымусіць, калі вы супраць? Што, усіх абавязваюць?

— Ну, у выпадку гібелі — так.

— Не, лепш вам не гінуць.

У Цэнтры трансплантацыі органаў і тканак тлумачаць, што пакуль праект закона прыняты толькі ў першым чытанні. І заяву на адмову ад донарства трэба дасылаць менавіта ў цэнтр.

"Пішыце адмову, падпісвайце і дасылайце на факс 9-й Гарадской клінічнай бальніцы. Можаце даслаць адмову ў наш цэнтр па пошце, па факсе, ці прыехаць да нас. Вы адразу будзеце выкраслены са спісу патэнцыйных донараў", — кажа кіраўнік цэнтра Алег Румо.

 

Тэлефануем у прыёмную бальніцы, там кажуць, што факсам пакуль такіх заяваў не дасылалі. Але асабіста складалі "літаральна пару чалавек".

"Яна будзе адрасаваная ў аддзел каардынацыі і вы будзеце пастаўленыя ў спіс. Прыходзілі пару чалавек, асабіста складалі заяву, але літаральна пару чалавек".

Згодна з апошнімі звесткамі ў гэтым спісе каля 30 чалавек, якія адмовіліся быць донарамі.

Паводле новага закона заяву на адмову ад донарства можна будзе напісаць у паліклініцы.

 

"Будзе створаная Рэспубліканская база, яна, хутчэй за ўсё, будзе ў нас, пакуль гэта не вызначана. Любы чалавек мае права звярнуцца ў любую ўстанову аховы здароўя, паліклініку, бальніцу, нават у санаторыі можна напісаць такую заяву. І кожная ўстанова будзе абавязаная прыняць яе і не пазней як праз суткі даставіць у наш цэнтр".

Тое самае можна зрабіць і зараз, толькі самому. Заява пішацца ў адвольнай форме з пазначэннем пашпартных звестак і адрасу. Такі досвед, адзначае доктар, выкарыстоўваецца ў Бельгіі, Швецыі і многіх іншых краінах.

"Грамадзяне аўтаматычна знаходзяцца ў спісе донараў. Калі вы не хочаце там быць, то патурбуйцеся і скажыце, што не хочаце".

У Польшчы таксама можна напісаць адмову быць донарам, пры двух сведках. Але, як звыкла, дазвол на донарства ўсё роўна прынята запытваць у сваякоў. Пра гэта распавядае Эльжбета Орчык, віцэ-прэзідэнт фундацыі "Трансплантацыя — дар жыцця":

"Часцей сваякоў пытаюць, бо яны таксама ганарыстыя і любяць у такіх выпадках пракуратуру. Я б як сям'я была таксама задаволеная, калі б мяне спыталі, ці пагаджаюся аддаць органы мужа на перасадку. У нас цяпер гэта цвёрдае правіла. Без прымусу, лепей спытаць".