Сваякі шукаюць палітвязня Сяргея Каваленку
У віцебскай калоніі "Віцьба-3" адвакату заявілі, што такога асуджанага не прывозілі.
Пра гэта паведамляе Радыё "Свабода" са спасылкай на жонку палітвязня Алену Каваленку. Нагадаем, што ў панядзелак Каваленку адправілі з Мінска этапам у псіхіятрычную лякарню пры калоніі. Там яго плануюць прымусова выводзіць з галадоўкі.
Дзяжурны ў Дэпартаменце выканання пакаранняў МУС кажа, што Каваленку, магчыма, яшчэ проста не паспелі давезці з Мінску ў Віцебск.
Каваленка да этапавання трымаў галадоўку пратэсту супроць незаконнага, як ён лічыць, прысуду. Актывіста КХП БНФ пакаралі зняволеннем на 2 гады і 1 месяц за парушэнне адбыцця хатняй "хіміі" пасля таго, як ён вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на навагодняй ёлцы ў Віцебску.
Фота — bymedia.net