Страхоўшчыкі: Мы не будзем выкупляць скрадзеныя аўто ў злодзеяў!

Днямі ў грамадзяніна Беларусі, які адпачываў у Паланзе, мясцовыя злодзеі скралі яго ўлюбёны BMW 730D. Сваю машыну пяцігадовага ўзросту, коштам каля 35 тысяч долараў, гаспадар знайшоў праз пару дзён, паведамляе газета Lietuvos rytas. І на падставе падазрэнняў супрацоўнікаў Галоўнага камісарыята паліцыі Клайпедскай акругі, імёны якіх не называюцца, робіць выснову: за аўто заплацілі выкуп.

Праўда, шчаслівы ўладальнік знойдзенага BMW 730D Канстанцін Грамадка ў размове з Еўрарадыё пацвердзіў: ён сапраўды сам знайшоў сваю машыну. Але ўдакладняць, наколькі “выпадкова” гэта ў яго атрымалася, адмовіўся.

Канстанцін Грамадка: “Каментароў ніякіх з гэтай нагоды даваць не буду. Там паліцыя праводзіла следства. І ўсё, што трэба, я ім напісаў”.

Еўрарадыё: “Але ўсё ж такі — вы сапраўды самі знайшлі свой аўтамабіль?”

Канстанцін Грамадка: “Так”.

Праўда, Lietuvos rytas сцвярджае, што выкуп злодзеям заплаціў не ўладальнік “бумера”, а кампанія, дзе той быў застрахаваны. Маўляў, беларускія страхоўшчыкі небагатыя. Ім больш выгадна заплаціць злодзеям выкупа, бо ён меншы за страхавыя выплаты ўладальніку аўто.

Свой BMW 730D Канстанцін Грамадка застрахаваў у кампаніі Ergo. Па словах начальніка аддзела стратаў кампаніі Уладзіміра Зыгмантовіча, да іх па выкуп ніхто не звяртаўся.

Уладзімір Зыгмантовіч: “Гэта нерэальна! У нас такога, праўда, яшчэ не было, але па нашых правілах у нас такое не прадугледжана — выкуп аўтамабіляў”.

І дадаў, што не такая ўжо ў іх і бедная кампанія, каб звязвацца з крыміналам.

Уладзімір Зыгмантовіч: “Гэтая машына была застрахаваная на 70 мільёнаў беларускіх рублёў. Гэта сёння каля 10 тысяч долараў. Не такая гэта ўжо вялікая сума, каб пачынаць размову пра выкуп. Да і каму, скажыце, трэба звязвацца з крыміналам”.

Пацвердзіў гэтыя словы і сябра савета дырэктараў кампаніі Ergo ў Літве Аўгустас Шэрніюс.

Аўгустас Шэрніюс: “Прапаноў наконт выкупу, наколькі мне вядома, не было. Да і звяртацца не мае сэнсу, бо адказ будзе адназначны: мы ў змове са злачынным светам не будзем удзельнічаць. Меркаванні альбо здагадкі пра тое, што страхавая кампанія Ergo магла ўдзельнічаць у такой змове, супярэчаць ісціне, нічым не пацверджаныя і не даказаныя рэальнымі фактамі. Гэта, калі казаць простай мовай, фантазіі. Мы не шукаем нейкія выхады, не лічым: “Вось, гэта нам больш выгадна!” Калі ёсць страхавы выпадак, калі ён здарыўся — мы яго рэгулюем і выплачваем страхавую кампенсацыю. Усе іншыя схемы, усе іншыя варыянты нам проста нецікавыя”.

Дарэчы, нягледзячы на тое, што беларус знайшоў свой скрадзены BMW, без страт з гэтай гісторыі страхоўшчыкі ўсё ж такі не выйдуць.

Аўгустас Шэрніюс: “Аўтамабіль быў знойдзены з пашкоджаннямі, і мы заплацім за рамонт. І гэта для нас ўсё адно страхавая падзея, мы панясем пэўныя фінансавыя страты. Але гэта наш бізнэс, мы ад гэтага і страхуем”.

Сумняецца ў магчымасці выкупу страхоўшчыкамі ў злодзеяў скрадзенага аўтамабіля і аўтаэксперт Дзмітрый Навіцкі.

Дзмітрый Навіцкі: “Гэта немагчыма. І калі яны будуць звяртацца ў страхавую кампанію з такой прапановай, я лічу, што з кампаніі адразу патэлефануюць у міліцыю і будуць нешта рабіць, каб затрымаць гэтых бандытаў. Бо невядома, як гэта ўсё па бухгалтэрыі спісваць, ёсць шмат іншых нюансаў. Гэтая гісторыя — нейкая байка”.

Такім чынам, усе суразмоўцы Еўрарадыё катэгарычна абверглі сцвярджэнне журналіста Lietuvos rytas, што злодзеі Палангі паставілі на канвеер “выбіванне” выкупаў са страхавых кампаній за скрадзеныя беларускія аўто.

Што ж тычыцца магчымых прэтэнзій жа газеты, дзе найперш і з’явілася гэтая гісторыя, то судзіцца з ёй кампанія Ergo не збіраецца. Маўляў, пра факт выкупу журналіст не сцвярджаў катэгарычна. Ды і, кажа Аўгустас Шэрніюс, яны разумеюць прагу СМІ да сенсацый. Толькі папрасілі аўтара матэрыяла быць надалей больш уважлівым і браць больш каментароў у абазнаных у тэме людзей.