Старшыня ФПБ Леанід Козік не адказаў на пытанні Еўрарадыё
Наўзамен журналісту параілі чытаць сайт Федэрацыі прафсаюзаў.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка 25 лютага выказаўся наконт таго, каб старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік больш увагі надаваў стварэнню пярвічных прафсаюзных арганізацый на прыватных прадпрыемствах. З гэтай нагоды Еўрарадыё папрасіла кіраўніка афіцыйнага прафсаюза адказаць на шэраг пытанняў і накіравала ліст наступнага зместу ў прэс-службу ФПБ:
“Просім кіраўніка ФПБ спадара Леаніда Козіка адказаць на наступныя пытанні Еўрарадыё:
1. Ці ёсць зараз на прыватных прадпрыемствах сябры ФПБ?
2. Ці будуць кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў абавязваць ствараць у сябе суполкі ФПБ?
3. Якую карысць будуць мець супрацоўнікі прыватных прадпрыемстваў ад уступлення ў ФПБ? Прадугледжаныя нейкія ільготы ці іншыя заахвочванні?
4. Прывядзіце прыклады, калі яны ёсць, таго, як ФПБ абараніў правы сваіх сябраў — супрацоўнікаў прыватных прадпрыемстваў?
5. Якія меры будзе прымаць ФПБ, калі ні супрацоўнікі прыватных прадпрыемстваў не захочуць уступаць у шэрагі сябраў афіцыйнага прафсаюза, ні кіраўнікі гэтых прадпрыемстваў — ствараць у сябе суполкі ФПБ?
Вельмі пажадана, каб на пытанні Еўрарадыё спадар Леанід Козік адказаў альбо падчас асабістай сустрэчы з нашым карэспандэнтам, альбо — па тэлефоне. Каб мець магчымасць даць адказы на пытанні ў радыёэфір”.
У прэс-службе паабяцалі перадаць пытанні Еўрарадыё свайму кіраўніку і паведаміць вынік “азнаямлення” ды варыянты атрымання адказаў на пытанні на наступны дзень. Але…
Прэс-служба ФПБ: “Мы вырашылі, што ўсю інфармацыю вы можаце пачытаць на нашым сайце — там усё ёсць, мы абнаўляем кожны дзень. Дзякуй!”
І паклалі слухаўку, пазбавіўшы магчымасці даведацца, хто гэтыя “мы”, якія вырашылі, што для падрыхтоўкі радыёрэпартажу журналісту дастаткова пачытаць сайт, а размаўляць з чалавекам і атрымліваць ад яго адказы — неабавязкова.
Дарэчы, як мы ні шукалі, але знайсці адказы на пытанні, якія Еўрарадыё накіравала Козіку, на сайце ФПБ у нас так і не атрымалася.
Фота — bymedia.net