Справа "Нашай Нівы" зноў зрушыла з месца
Аднаўляецца разгляд справы аб закрыцці "Нашай Нівы". Падрабязнасці - ад галоўнага рэдактара газеты “Наша ніва” Андрэя Скурко.
Еўрарадыё: Ці не маглі б падрабязней распавесці пра гэты суд і чаго вы ад яго чакаеце?
Скурко: “Гэтая навіна стала вядомая раптоўна, недзе дзень таму. І дата суда таксама прызначана раптоўна - на 12-га ліпеня. Хоць раней суд да разгляду прыняў нашу касацыю. Мы абскарджвалі папярэджанне, якое нам вынесла Мінсістэрства інфармацыі, і тая касацыя мусіць разглядацца ад 26-га ліпеня. А зараз, проста раптоўна, мы атрымліваем факсам, проста аператыўна, паперы з суду. 12-га мы мусім з’явіцца ў суд. Між тым, гэта будзе даволі складана, бо там спаланаваны ўжо тыдзень даволі шчыльна і мы падалі у Вышэйшы Гаспадарчы Суд адпаведныя просьбы, каб перанесці дату суда на пазнейшы тэрмін”.
Еўрарадыё: Ці раіліся вы з юрыстамі, ці маюць права разглядаць справу аб закрыцці газеты да разгялду касацыі?
Скурко: “Нібыта паводле заканадаўства, рашэнне Вышэйшага Гаспадарчага Суда ў першай інстанцыі - першы суд - уступае ў сілу, а касацыі можа толькі яго адмяніць. І тут быў выкарыстаны такі фармальны падыход. Мы падалі таксама сёння адпаведную скаргу, бо мы думаем, што лагічней было б дачакацца канца разгляду гэтай справы з папярэджаннем, а пасля ўжо вырашаць, што з намі рабіць, калі яго не адменяць”.
Еўрарадыё: Ці не прадумвалі вы, як дзейнічаць далей, калі прымуць непрымальнае рашэнне?
Скурко: “У любым выпадку, і падкрэсліваю, што гэта такі лайт-варыянт, застаецца інтэрнэт-сайт “Нашай нівы”, якога не тычацца прэтэнзіі Мінінфармацыі. У нас таскама ёсць варыянты, якім чынам можна захаваць газету”.
Еўрарадыё: Зараз шматлікія рэдактары скардзяцца, што папера стала дарагая, як з гэтым спраўляецца “Наша ніва”?
Скурко: “Мы троху раней запасліся паперай і маем яе прынамсі на некалькі месяцаў. Але праблемы трэба вырашаць па меры іх паступлення і па меры іх градацыі складанасці. Мы зараз маем шэраг нашмат складанейшых праблемаў... і паперу на некалькі месяцаў, таму пра паперу мы пакуль не думаем”.