Штэфан Фюле: Ацэньваць дэмакратыю ў Беларусі Еўрасаюз будзе па 5 крытэрыях
Еўракамісар распавёў пра санкцыі, супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю і назваў крытэрыі, па якіх Еўропа ацэньвае дэмакратыю ў Беларусі.
Еўрасаюз працягне ўводзіць санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнне правоў чалавека. Разам з тым ЕС не выключае мінімізацыю кантактаў з кіраўніцтвам Беларусі і пашырэнне супрацоўніцтва наўпрост з грамадзянскай супольнасцю. Пра гэта падчас сустрэчы з журналістамі заявіў еўракамісар Штэфан Фюле.
Штэфан Фюле: “У той жа час неабходна павялічыць узровень нашай падтрымкі грамадзянскай супольнасці. Напрыклад, у Беларусі мы гэтым займаемся. Мы па-ранейшаму шукаем найлепшыя шляхі дасягнення гэтага. Каб найлепшым чынам падтрымаць дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасць”.
Паводле словаў Фюле, Еўрасаюз дагэтуль супрацоўнічае з афіцыйным Мінскам па пэўных праграмах, выдзяляе на іх рэалізацыю досыць вялікія грошы. Але гэтыя сумы могуць як павялічыцца, так і зменшыцца.
Штэфан Фюле: “Вы атрымліваеце больш, калі вы робіце больш. Гэта адзін з галоўных прынцыпаў. Але ёсць яшчэ і такі прынцып: калі краіна не праводзіць рэформы, не выконвае свае абавязацельствы, калі яна не адпавядае чаканням сваіх грамадзян, то Еўрасаюз можа перагледзець узровень сваёй дапамогі. І нават можа перанесці значна большы акцэнт на зносіны з грамадзянскай супольнасцю”.
Адказваючы на пытанне журналістаў пра тое, хто будзе вызначаць узровень дэмакратычных рэформ у краіне, еўракамісар назваў пяць прынцыпаў, у адпаведнасці з якімі гэта робіцца і выкананне якіх найперш патрабуюць ад Беларусі.
Штэфан Фюле: “Мы высунулі 5 базавых крытэрыяў, якія і дазволяць нам вымяраць узровень рэальнай, устойлівай дэмакратыі. Найперш — свабодныя, справядлівыя выбары. Але гэтага недастаткова. Па-другое, павінна быць свабода асацыяцый, свабода выказванняў, свабода сходаў і свабода прэсы. Трэцяе — вяршэнства права і незалежнасць судовай сістэмы. Далей — барацьба з карупцыяй. І пятае — правапарадак і бяспека. І рэалізацыя рэформ у гэтай сферы. Менавіта з гэтымі крытэрыямі мы будзем рабіць нашу ацэнку і аказваць нашу падтрымку”.
Журналісты абурыліся адсутнасцю згадкі пра правы чалавека.
“Давайце не будзем прыходзіць да высновы, што правы чалавека больш не важныя! — парыраваў Фюле. — Уся наша палітыка суседства базуецца на трох слупах: дэмакратыя, павага правоў чалавека і вяршэнства права — прававая дзяржава!”

Еўракамісар звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць свабоды СМІ ў Беларусі, заявіўшы, што ЕС уважліва сочыць за сітуацыяй менавіта ў гэтай галіне.
Штэфан Фюле: “Хачу прывесці Беларусь у якасці прыкладу. Існуе тры праблемы: палітычнае ўмяшанне, эканамічны ціск і гвалт супраць вас, журналістаў. Мы, Еўрапейскі саюз, падтрымліваем свабоду і пастаянны доступ да электронных СМІ. Ваша праца дазваляе мець праўдзівую інфармацыю з краін, дзе адбываюцца палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя трансфармацыі. Гэта дазваляе нам бачыць розніцу паміж поспехам і наадварот. Дазваляе нам бачыць небяспекі, якія пагражаюць свабодзе слова”.
Згодна са словамі Еўракамісара, “Усходняе партнёрства” будзе не толькі працягвацца, але і пашырацца, набудзе новыя формы супрацоўніцтва. І нагадаў, што краінам-удзельніцам гэтай праграмы па-ранейшаму ў перспектыве адкрытыя дзверы для ўступлення ў ЕС.
