Шарэпка: На новую амбасаду павінны пагадзіцца вашы спецслужбы

110926 Luka6uk Ambasada.mp3

Заявы Надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара Польшчы Лешэка Шарэпкі пра праблемы з працягам арэнды будынка амбасады па вуліцы Румянцава ў Мінску і складанасці з выбарам новага памяшкання прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных назваў хітрасцю.

Паводле яго словаў, палякаў яшчэ 5 гадоў таму папярэдзілі пра заканчэнне кантракта на арэнду. А ў 2008 годзе ім нават выдзелілі кавалак зямлі пад будаўніцтва новай амбасады.

Першы сакратар амбасады Павел Марчук у размове з Еўрарадыё прызнае, што зямлю пад будаўніцтва амбасады беларускія ўлады cапраўды выдзелілі — побач з амбасадай Расіі па вуліцы Нававіленскай. Але палякі да апошняга спадзяваліся, што за імі пакінуць стары будынак.

Павел Марчук: “Я вам шчыра скажу: мы тут таксама не без віны. Можна было хутчэй вырашаць гэтае пытанне. Але ўлічваючы, што той будынак, дзе мы зараз знаходзімся, знаходзіўся ў “польскіх руках” яшчэ ў часы Савецкага Саюза — тут было Генеральнае консульства Народнай Рэспублікі Польшча ў Мінску — мы спадзяваліся, што тэрмін арэнды будзе працягвацца пры неабходнасці”.

Да таго ж, цвердзіць прадстаўнік польскай амбасады, будаваць памяшканне такога прызначэння з нуля — складаная справа.

Павел Марчук: “Пабудаваць амбасаду — гэта даволі працяглы працэс. Усё ж пачынаецца з праекту: будынак трэба спраектаваць, потым узгадніць з усімі інстанцыямі. Гэта своеасаблівы аб’ект — гэта не жылы дом, які можна хутка пабудаваць па стандартным праекце. Пакуль усё ўзгодніцца, пройдзе праз усе працэдуры — гэта працяглы працэс”.

У адпаведнасці з Венскай канвенцыяй, дапамагаць замежным прадстаўніцтвам вырашаць пытанні з “жыллём” павінна Міністэрства замежных спраў краіны-гаспадара. Дакладней, адпаведная служба МЗС — Дыпсэрвіс. Паводле словаў амбасадара Польшчы Лешэка Шарэпкі, калі стала канчаткова зразумела, што падаўжаць арэнду беларускі бок адмаўляецца катэгарычна, яны звярнуліся ў гэтую службу па дапамогу.

Лешэк Шарэпка: “І самі не сядзелі склаўшы рукі — шукалі прыдатнае месца і знайшлі яго. І на пачатку жніўня перадалі ноту ў МЗС з тым, каб атрымаць згоду на гэтае месца. Бо мы не можам самастойна месца памяняць — вашыя спецслужбы павінны на гэта пагадзіцца. І адказ быў такі: беларускі бок не можа сур’ёзна разглядаць гэтую прапанову, бо няма тэхпашпарта — аб’ект яшчэ будуецца”.

Адначасова з адмовай па знойдзеным самімі палякамі аб’екце, з Дыпсэрвіса прыслалі ў амбасаду дзве свае прапановы.

Лешэк Шарэпка: “Мы атрымалі з Дыпсэрвіса адразу дзве прапановы. Першая, як апынулася, таксама не мае тэхпашпарта — але ж мы яго ўсё ж атрымалі! А другое памяшканне — занадта маленькае. Яно можа падысці амбасадзе, дзе працуе не больш за 10 чалавек”.

Ніякіх новых прапаноў з Дыпсэрвіса польскія дыпламаты не атрымалі. Але пераязджаць усё адно давядзецца.

Павел Марчук: “Канешне, будзем пераязджаць у нейкі іншы будынак. Бо я бачу, што даволі жорсткая пазіцыя беларускага боку. Але прымаючы бок у пытанні будынка для амбасады-консульства павінны дапамагаць, падтрымліваць. А калі яны апраўдваюць (адсутнасць сваёй дапамогі — Еўрарадыё) тым, што хтосьці не паспеў, нешта не зрабіў — гэта несур’ёзна.  І такая ж праблема зараз узнікае ў амбасады ЗША — гэта ж не выпадкова ўсё!”

Нагадаем, як стала вядома Еўрарадыё, у хуткім часе заканчваецца дамова аб арэндзе будынка па вуліцы Герцэна, дзе месціцца Аддзел інфармацыі, адукацыі і культуры амбасады ЗША. Праўда, больш падрабязна амерыканскія дыпламаты пра сённяшнюю сітуацыю з тым будынкам казаць не хочуць. Паводле звестак, цяпер ідуць перамовы з уладальнікам аб магчымасці працягу арэнды. Амбасада яшчэ спадзяецца на станоўчы вынік.

Фота: Змітра Лукашука