Саннікаў: У альтэрнатыўных кандыдатаў нашмат больш галасоў, чым у Лукашэнкі
Палітык упэўнены, што мусіць адбыцца другі тур, а датэрміновае галасаванне лічыць падманам і шантажом.
Кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў з’явіўся на сваім выбарчым участку ў 9 гадзін раніцы. Кампанію палітыку склалі жонка і сын. Уся сям'я накіравалася ў кабінку для галасавання. На выбарчым участку прысутнічаў і карэспандэнт Еўрарадыё.
Дарэчы, за кго палітык аддаў свой голас, ён так і не адказаў. Маўляў, прагаласаваў за свабодную Беларусь. Кандыдат упэўнены, што гэтыя выбары не могуць абысціся без другога тура. 
Саннікаў: “Такая колькасць кандыдатаў у любой нармальнай краіне — гэта аўтаматычна другі тур. Калі нам скажуць, што другога тура няма, то гэта хлусня і падман. Мы будзем пратэставаць супраць гэтага”.
Прэтэндэнт на вышэйшую пасаду лічыць, што ў альтэрнатыўных кандыдатаў падтрымкі больш, чым у дзейснага кіраўніка краіны.
“У альтэрнатыўных кандыдатаў нашмат больш галасоў, чым у Лукашэнкі. Мы пачакаем вынікаў і будзем патрабаваць сумленных выбараў”, — кажа Андрэй Саннікаў.
Саннікаў спадзяецца на справядлівы падлік галасоў, але не выключае магчымасці фальсіфікацыяў. Прынамсі, папярэдняе галасаванне, па меркаванні Саннікава, – не выбары, а прымус.
Саннікаў: “Датэрміновае галасаванне – гэта шантаж, прымус і пагрозы. Сёння дзень выбараў. Народ будзе галасаваць супраць Лукашэнкі, я ўпэўнены. А вось як будуць лічыць галасы? Спадзяюся, гэтым разам не будуць фальсіфікаваць выбар народа”.
Між іншым, на ўчастку дзе галасаваў кандыдат, 11% выбаршчыкаў зрабілі свой выбар загадзя. Датэрмінова прагаласавалі як людзі сярэдняга ўзросту, так і маладыя выбаршчыкі. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў старшыня выбарчай камісіі на гэтым участку Станіслаў Грышкевіч.
Грышкевіч: “У нас 2036 выбаршчыкаў па спісе. І 233 прагаласавалі датэрмінова. Вось і адсоткі. Дзесьці 11,5%. І тыя і іншыя, і маладыя і сталыя былі”.
Грышкевіч дадае, што з боку назіральнікаў не было ніякіх заўваг. Апошнія з ім цалкам згаджаюцца. На участку былі назіральнікі ад “Белай Русі”, “Саюзу жанчын” і “Чырвонага крыжа”.
Прагаласаваўшы з Андрэем Саннікавым, Еўрарадыё вырашыла пацікавіцца ў іншых выбаршчыкаў, наколькі складана аддаць перавагу пэўнаму кандыдату на гэтых выбарах.
--Няма ніякага пытання. Наш прэзідэнт адпавядае. Тое, што яны надумалі тут, плюс дзевяць яшчэ – навошта гэта?
--З аднаго боку —справа прывычкі, а з другога – хочацца новага. Таму страшнавата і цяжка выбіраць.
--Мне даўно лёгка было з выбарам. Толькі Плошча ўсё вырашае. Будзе фальсіфікацыя, якая і была.
-- Ведаеце, нашмат прасцей, чым мінулым разам. Кандыдатаў болей. Чалавек, які знаходзіцца ва ўладзе 16 гадоў. Узровень падае. Куды ж за яго галасаваць?
-- Хацелася, каб прыйшлі іншыя людзі і было б па-іншаму.
-- Зразумела, што трэба нешта мяняць.
Дарэчы, на ўчастку, дзе галасаваў Андрэй Саннікаў, прысутнічала мноства прадстаўнікоў замежных СМІ. Былі карэспандэнты “Голасу Амерыкі”, “Польскага радыё” і украінскага тэлебачання.