Расійскія жаночыя часопісы і дачныя газеты знікаюць з Беларусі
Некалькі тысяч расійскіх друкаваных выданняў зніклі з падпіснога каталога, а некаторыя вясковыя паштальёны да гэта часу не ведаюць коштаў на тыя, што засталіся.
Падпісная кампанія на другое паўгоддзе 2011 года падрыхтавала непрыемны сюрпрыз аматарам замежных друкаваных СМІ. У першую чаргу — расійскіх. Як паведаміла Еўрарадыё супрацоўніца Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта”, з падпіснога каталога зніклі каля 2 тысяч газет і часопісаў.
Супрацоўніца Брэсцкага філіяла "Белпошты": “У нас расійскіх выданняў на другое паўгоддзе значна стала менш. Бо пастаўшчык адмовіўся пастаўляць друкаваныя СМІ”.
Еўрарадыё: “А ці шмат выданняў адмовіліся пастаўшчыкі прывозіць: 5, 10, 20 найменняў?”
Супрацоўніца Брэсцкага філіяла "Белпошты": “Ды не! Там гаворка ідзе пра тысячы — некалькі тысяч, як я ведаю”.
Тое, што пэўныя непаразуменні паміж “Белпоштай” і пастаўшчыкамі расійскай прэсы ёсць, Еўрарадыё пацвердзіла і начальнік аддзела знешнеэканамічнай дзейнасці прадпрыемства “Рэм-інфа” Вольга Трэзнюк. І ўсё з-за таго, што “Белпошта” не здольная рэагаваць на ваганні курсу валют і не можа аператыўна змяняць кошт падпіскі.
Вольга Трэзнюк: “Дадзеныя на падпіску падаюцца ў лютым, а дамову “Белпошта” заключае з намі ў красавіку. І калі ў красавіку пайшлі ўсе гэтыя змены, калі курс расійскага рубля вырас як мінімум у 3 разы, мы “Белпошце” напісалі, што мы гатовыя ажыццяўляць пастаўкі, але давайце павялічым кошты на 30% усяго толькі. А 30% — гэта ж не ў 3 разы! Але яны сказалі, што не могуць змяняць кошты і лепш не будуць уключаць у каталог: “Альбо вы не пастаўляеце, альбо пастаўляеце па старых коштах”. Прычым “Белпошта” разлічваецца з намі не перадаплатай, а па факце пастаўкі — цэны фіксуюцца на паўгода. Умовы дастаткова своеасаблівыя”.
Вось толькі на самой “Белпошце” ніякіх асаблівых страт у сваім падпісным каталогу не заўважылі. Паводле слоў начальніка ўпраўлення распаўсюду друкаваных СМІ Алены Скрыпчык, беларускія падпісчыкі нічога не згубілі.
Алена Скрыпчык: “Сказаць, што кардынальна падпісны каталог з-за таго, што пастаўшчыкі падвялі, змяніўся, згубіў нейкае найменне — я б такога не сказала. Наш падпісны каталог працяглы час вытрымлівае колькасць расійскіх выданняў у межах каля 4,5 тысяч найменняў. І гэта так і ёсць на сённяшні дзень. Ну, цяжкасці, як і ў любога іншага прадпрыемства Беларусі, у “Белпошты” ёсць, але на сённяшні дзень наш падпісчык гэтага не адчуў”.
Але з гэтым не згодная прадстаўніца “Рэм-інфа” Вольга Трэзнюк. І сцвярджае, што аматары жаночых расійскіх часопісаў змены ў падпісцы адчуюць.
Вольга Трэзнюк: “Да прыкладу, у нас была вялікая падпіска на штотыднёвік “Ліза”, штомесячнік “Добрыя парады” — яны не дарагія па кошце і досыць змястоўныя. Той жа часопіс “Бурда” пра шыццё, які акурат зараз займеў вялікую актуальнасць. Не трапіў у падпіску дастаткова вялікі спіс — гэта я пералічыла толькі некалькі выданняў. А так не трапіла больш за 100”.
Але і на тыя выданні, што ў каталог увайшлі, не заўсёды можна падпісацца. Карэспандэнт Еўрарадыё стаў сведкам наведвання паштальёнам жыхароў адной вёскі Лагойскага раёна з прапановай аформіць падпіску. Вось толькі прапанова гэтая тычылася выключна айчынных СМІ. Адмову падпісаць на расійскія друкаваныя выданні тлумачыла адсутнасцю звестак аб кошце падпіскі.

Супрацоўніца Брэсцкага філіяла “Белпошты” назвала гэтую сітуацыю недарэчнасцю. Маўляў, на ўсе ўнесеныя ў каталог выданні кошты ўжо ёсць.
Супрацоўніца Брэсцкага філіяла "Белпошты": “Калі першапачатковы каталог для паштальёнаў друкаваўся, там на беларускія выданні кошты былі прастаўленыя, а па расійскіх тады яшчэ не было ні коштаў, ні дамоў з новымі пастаўшчыкамі. Магчыма, нейкі паштальён іх пакуль не запісаў сабе”.
Праўда, прызналася, што і цяпер з каталога працягваюць знікаць асобныя расійскія выданні.
Супрацоўніца Брэсцкага філіяла "Белпошты": “Зараз вельмі шмат ідзе вяртанняў платы за расійскія выданні, бо пастаўшчыкі не маюць магчымасці іх паставіць з-за адсутнасці валюты”.
Але заўважыла, што доля расійскіх СМІ ў іх падпісцы складае каля 7%. Таму вялікіх страт ад іх знікнення “Белпошта” не панясе.