Раённы суд не прыслухаўся да меркавання Генпракуратуры

Пасля рэпартажу Еўрарадыё Вярхоўны суд адмяніў рашэнне суда Маладзечанскага раёна па справе Сяргея Мінчуковіча і накіраваў справу на паўторны разгляд. У той жа суд.

Але новы суддзя не толькі не змяніў пакаранне, вынесенае хлопцу больш чым восем гадоў таму, але і павялічыў памер кампенсацыі, якую ён павінен выплаціць.

Пра гэта Еўрарадыё расказала маці Сяргея Таццяна Мінчуковіч.

Таццяна Мінчуковіч: “Мы заяўлялі адвод складу суда, але безвынікова. І з 5 красавіка па 8 ліпеня ішоў суд — больш за тры месяцы, так яго зацягнулі. І 8 ліпеня быў аб’яўлены новы прысуд, які проста падагналі пад тое судовае рашэнне, пад той прысуд, які выносіўся яму ў 2003 годзе”.

Нагадаю, што ў 2003 годзе маладзечанец Сяргей Мінчуковіч, абараняючыся ва ўласнай кватэры ад траіх хуліганаў, выпадкова забіў аднаго з іх. У выніку, яго асудзілі за наўмыснае забойства на 9 гадоў калоніі строгага рэжыму, а ніхто з жывых рабаўнікоў так і не быў пакараны.

За ўсе гады, што сын правёў за кратамі, Таццяна Мінчуковіч напісала дзясяткі скаргаў і заяваў у Вярхоўны суд і Генпракуратуру, Палату прадстаўнікоў і Савет бяспекі, КДБ і Адміністрацыю прэзідэнта. Была на прыёме ў кіраўнікоў усіх гэтых устаноў і іх намеснікаў. Звярталася нават у Жэневу — у Суд па правах чалавека. Нічога не дапамагала: усе абмяжоўваліся адпіскамі. Пакуль не з’явіўся рэпартаж Еўрарадыё.

Таццяна Мінчуковіч: “Генеральная пракуратура мне так і напісала: “праведзена праверка па фактах, выкладзеных у сетцы інтэрнэт”. Пасля гэтага яны разгледзелі маю скаргу як належыць, знайшлі шэраг парушэнняў і вынеслі пратэст у Вярхоўны суд. Гэты пратэст Вярхоўным судом быў прыняты — прысуд адмянілі ад 9 чэрвеня 2003 года, рашэнне Судовай калегіі Мінскага абласнога суда ад 22 жніўня таго ж года і пастанову Прэзідыюма Мінскага абласнога суда ад 12 студзеня 2011-га ў адносінах да майго сына таксама адмянілі”.




Вось толькі суд Маладзечанскага раёна да ўвагі меркаванне Генпракуратуры не прыняў. Сяргею Мінчуковічу, які цалкам адбыў прызначанае пакаранне, не толькі не змянілі ранейшы прысуд, але і павялічылі суму кампенсацыі, якую ён мусіць выплаціць пацярпеламу боку — бацькам забітага ім нападніка.

Таццяна Мінчуковіч: “Суд ад пачатку суддзя Рудзянкова зрабіла закрытым. І ўжо на другім судовым пасяджэнні, не выслухаўшы ніводнага сведкі, яна прапанавала пацярпеламу боку — бацьку загінулага Дубягі, павялічыць зыск. Пытаецца ў яго: “Вам выплацілі?” — “Не”. “А вы згодныя з сумай?” “У прынцыпе так, — адказвае бацька. — Мне б выплацілі тое, што ёсць”. А як Сяргей мог выплаціць, калі ў турме ён зарабляў па 500 рублёў у месяц?! Суддзя кажа: “То можа вам мала? Павялічце!” І тады бацька, жонка і дачка заявілі зыскі па 20 мільёнаў”.

Праўда, суддзя задаволіла новы зыск “толькі” на 10 мільёнаў рублёў. Плюс — выдаткі на пахаванне і дзяржпадатак. Атрымліваецца, што калі да гэтага перагляду справы Сяргей Мінчуковіч меў судзімасць за наўмыснае забойства і мусіў сплаціць 4 мільёны кампенсацыі, то зараз ён мае той жа артыкул у біяграфіі і амаль 15 мільёнаў зыску.


Як мяркуе Таццяна Мінчуковіч, суддзя не прымала да ўвагі словы сведак на карысць яе сына, адхіляла большасць заяўленых Сяргеем хадайніцтваў, ліст яго жонкі, дзе тая шчыра апісвае ўсе падзеі ракавога дня забойства, не далучыла да справы.

Адвакат хлопца Анатоль Клімовіч больш асцярожны ў сваіх выказваннях наконт і таго, як праходзіў суд, і наколькі правільнае рашэнне прыняла па справе суддзя. Але ў тым, што ў яго ёсць аргументы для абскарджання прысуду, адвакат упэўнены.

Анатоль Клімовіч: “Калі я падпісаў касацыйную скаргу, і калі мой падабаронны ў касацыйным парадку абскардзіў прысуд, то гэта сведчанне таго, што я, як яго абаронца, і ён не згодныя з гэтым прысудам. Безумоўна, у касацыйнай скарзе мы павінны прывесці аргументы, на падставе якіх мы аспрэчваем гэты прысуд. І, на наш погляд, у нас такія аргументы ёсць”.

Вось толькі суддзя суда Маладзечанскага раёна Ірына Рудзянкова ўпэўненая, што вынесены прысуд па справе Сяргея Мінчуковіча — абгрунтаваны і законны.

Ірына Рудзянкова: “Я выконвала тыя патрабаванні, якія былі ўказаныя і Вярхоўным судом, і гэтак далей. І паколькі справа была адмененая, то разглядала яе ад самага пачатку. Я вынесла свой прысуд, які лічу абгрунтаваным і законным”.

А ўсе абвінавачванні ў перадузятасці і нежаданне прыслухоўвацца да аргументаў, карысных для падсуднага, суддзя проста адмовілася каментаваць.

Касацыйную скаргу па чарговым прысудзе Сяргею Мінчуковічу праз пэўны час разгледзіць Мінскі абласны суд. Але Таццяна Мінчуковіч не верыць у станоўчае рашэнне справы яе сына і ў той інстанцыі, ды рыхтуецца да чарговага звароту ў Вярхоўны суд.

Фота: Змітра Лукашука