“Петля Пристрастия” запісвае альбом алкагалічных падкрадух

Гурт “Петля Пристрастия” пачаў запіс трэцяга паўнафарматнага альбома. На дыску будзе дзесяць песень, якія самі музыкі называюць больш ударнымі ды гаражнымі за папярэднія творы.

“Гэта будуць алкагалічныя падкрадухі, — распавядае Еўрарадыё пра канцэпцыю альбома лідар гурта Ілля Чарапко-Самахвалаў. — Большасць песень была напісаная сам-насам з самім сабой падчас абстынентнага сіндрому. Не ведаю, як іншыя, але я ў гэтым стане вельмі востра адчуваю тонкую тканіну жыцця. Увесь кашмар сусвету абрушваецца мне на галаву. Менавіта пад гэтым уражаннем я і складаю свае опусы”.

Новы альбом “Петли Пристрастия” пакуль не атрымаў назвы. Невядомая і дата яго выхаду, бо яшчэ трэба прапісаць вакал і гітары. Ды, натуральна, дачакацца звядзення і майстарынгу.

 

Фота: budzma.org