Палітыкі рашуча запісаліся на прыём
Лідары апазіцыі наведалі Генпракуратуру, Вярхоўны і Канстытуцыйны суды з патрабаваннем неадкладнай сустрэчы з кіраўнікамі гэтых устаноў
Лісты з патрабаваннем тэрміновай сустрэчы сёння атрымалі генпракурор Рыгор Васілевіч, старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч і старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала. Асабістай сустрэчы менавіта з кіраўнікамі гэтых ведамстваў запатрабавалі лідар АГП Анатоль Лябедзька, “Справядлівага свету” Сяргей Калякін, “Гавары праўду” Ўладзімір Някляеў, Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сустрашыня аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі і старшыня руху “За свабоду!” Аляксандр Мілінкевіч.
Спачатку палітыкі накіраваліся ў Генпракурутуру. Да яе, па словах Сяргея Калякіна, сёння найбольш прэтэнзій.

Сяргей Калякін: “Чаму не рэагуе пракуратура на тое, што сёння ў Мінску дзейнічаюць нейкія банды, якіх ніхто не ведае – міліцыя ад іх адмаўляецца. Гэта, кажуць, не нашы людзі, мы іх не ведаем. Але гэтыя людзі хапаюць грамадзян, раз’язжаюць па горадзе без нумароў. Калі ў нас ёсць банды і міліцыя не прымае да іх ніякіх мер, то навошта нам такая міліцыя?! І навошта нам такі пракурор, які павінен за гэтым усім назіраць? Мы хочам паставіць пытанне: “Ці ёсць сёння органы пракуратуры ў Беларусі?”
Як паведаміў па выхадзе з будынка Генпракуратуры Ўладзімір Някляеў, ліст з патрабаванне сустрэчы ў іх прынялі і паабяцалі арганізаваць спатканне з Рыгорам Васілевічам бліжэйшым часам.

Далей палітыкі накіраваліся ў бок Канстытуцыйнага суда. Карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся ў Анатоля Лябедзькі сэнсам паходу ў гэтую ўстанову – па меркаванні аналітыкаў, яна ўжо даўно выконвае чыста дэкаратыўную функцыю. У адказ палітык гаворыць, што сёння да 40 адсоткаў артыкулаў Канстытуцыі альбо не працуюць увогуле, альбо працуюць часткова. Але менавіта гэта пытанне яны хочуць узняць падчас сустрэчы.

Анатоль Лябедзька: “Канстытуцыйны суд павінен сам рабіць захады для таго, каб артыкулы Канстытуцыі працавалі і каб загады, інструкцыі не мелі больш высокую юрыдычную сілу, чым Канстытуцыя. Пра гэта трэба, каб Міклашэвіч крычаў: “Каравул!” Калі ён не крычыць – значыць яго трэба падштурхнуць”.

Вось толькі прыёмны дзень для грамадзян у старшыні КС – раз на тры месяцы. Наступны – 7 верасня. Палітыкі папрасілі зрабіць ўсё магчымае для арганізацыі іх спаткання з Міклашэвічам як мага раней, але што з гэтага атрымаецца, невядома.
Не менш, чым да Генпракуратуры, прэтэнзій і да старшыні Вярхоўнага суда. Найперш, па словах старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, гэта тычыцца палітычна матываваных прысудаў.

Аляксей Янукевіч: “Мы не можам быць у сённяшніх умовах упэўненымі, што суды будуць прымаць справядлівыя рашэнні. І ў гэтым плане ў нас, хутчэй, песімістычныя настроі (на вынік ад сустрэчы з Валянцінам Сукала – Еўрарадыё). Але тое, што гэтыя асобы па законе павінны будуць заняць ясную пазіцыю адносна ўзнятых пытанняў, гэта будзе не малым вынікам. І ў такой сітуацыі персанальнага выбару, я не выключаю, што нейкія крокі яны вымушаныя будуць рабіць. Каб хаця б абазначыць, што не ўсё так кепска ў нас у краіне”.

Апроч пытанняў па працы судоў, лідар БНФ спадзяецца ўзняць праблему партыйнага офіса па вуліцы Машэрава. Нагадаю, днямі Партыя БНФ падала ў Вярхоўны суд апеляцыю на рашэнне Мінскага гарадскога суда аб высяленні іх з офіса.
Што тычыцца чаканняў ад будучых сустрэч з кіраўнікамі КС, ВС і Генпракуратуры, то Сяргей Калякін адказаў коратка – прымусіць іх працаваць.
Сяргей Калякін: “Калі яны (Генпракуратура, ВС, КС – Еўрарадыё) не будуць бараніць грамадзян ад гэтага самавольства, то людзі будуць ствараць атрады самаабароны. І адказваць за гэта будуць яны. Бо калі яны і дзяржава не выконваюць свае абавязкі па абароне правоў грамадзян – грамадзяне самі будуць ахоўваць свае правы”.
Дарэчы, запісацца на прыём да ўсіх вышэй пералічаных кіраўнікоў можна было і па тэлефоне.
Фота: Зміцер Лукашук, Еўрарадыё