Падаткавікі хочуць ліквідаваць чарговую праваабарончую арганізацыю

Пра гэта Еўрарадыё распавёў кіраўнік БХК Алег Гулак:

Гулак: "Міністэрства па падатках звярнулася ў Міністэрства юстыцыі з прапановай — не больш! Але і не менш... Далей будзе Міністэрства юстыцыі вырашаць, што з гэтым рабіць, бо звяртацца па ліквідацыю — гэта ўжо кампетэнцыя Мінюсту".

У законе не прапісаны час, за які Мінюст можа разгледзець такую прапанову. Як кажа старшыня БХК, у гэтым пытанні ўсё залежыць ад волі чыноўнікаў.

Нагадаем, што падаткавікі некалькі гадоў судзяцца з БХК. Яны хочуць спагнаць падаткі з грантаў Еўракамісіі, якія, паводле міжнародных дамоваў, вылучаліся Беларусі ў беспадаткавым рэжыме. Агулам падаткавікі налічылі ўжо 240 мільёнаў рублёў падаткаў і штрафаў. Калі БХК ліквідуюць, кажа Гулак, гэтыя грошы хутчэй за ўсё проста спішуць.