Новы офіс ЛДПБ — у адным будынку з казіно
А вось наступны офіс, па словах падпалкоўніка Алега Гайдукевіча, будзе ў Доме ўраду.
130228_luka6uk_gaidukevi4_0.mp3
Офіс у адным будынку з казіно прэзентаваў журналістам новаспечаны намеснік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч. Але сказаўшы ўсяго некалькі словаў пра не круглы юбілей партыі — 19 гадоў, і яе масавасць — 45 тысяч сяброў, перайшоў да нязвыклай для беларускай палітыкі гульні — “вайны кампраматаў”. Пачаў з “Гавары праўду!”.
Алег Гайдукевіч: “Фядута, Вазняк, Дзмітрыеў крадуць грошы пастаянна! Спадара Някляева падчас прэзідэнцкай кампаніі заўжды выкарыстоўвалі як марыянетку: яго завезлі ў буцік, на 20 тысяч еўра апранулі строй яму, куртку, шапку, чаравікі, боты, гальштук павязалі — і ўсё! Астатняе падзялілі паміж сабой. А 50 тысяч Лябедзька скраў у іх!”

Прычынай такога “выкрыцця” стала абяцанне лідара кампаніі “Гавары праўду!” вылучыць на сёлетніх мясцовых выбарах 1 тысячу кандыдатаў.
Алег Гайдукевіч: “Немагчыма вылучыць тысячу кандыдатаў у дэпутаты — гэта хлусня! Другое: Някляеў заявіў, што іх сёлета прэзідэнцкая кампанія не цікавіць, яны засяроджваюцца на вырашэнні сацыяльных пытанняў. І самае галоўнае: “Не хто пасля Лукашэнкі, а што пасля Лукашэнкі”. Ізноў хлусня”.

І робіць нечаканую выснову: “Яны хочуць прадаць сваю неіснуючую кампанію каму-небудзь да прэзідэнцкай кампаніі 2015 года”. Што, маўляў, абражае ЛДПБ як структуру, якая ні з Усходу, ні з Захаду грошай не бярэ і самааддана ды шчыра змагаецца за перамогу на электаральных кампаніях.
Алег Гайдукевіч: “20 красавіка ў цэнтры Мінска пройдзе з’езд Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Удзельнічаць будуць усе прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў нашай краіны. На ім будзе вылучаны кандыдат у прэзідэнты”.

Як гэта ні дзіўна, але гэтым кандыдатам у чарговы раз стане Сяргей Гайдукевіч.
Як прызнаецца Гайдукевіч-малодшы, партыя выступае за супрацу з уладай, сам ён мае прэзідэнцкія амбіцыі, але не на 2015 год, наступны яго офіс будзе ў Доме ўраду. А пакуль запрашае ў Пінск — на таварыскі футбольны матч паміж камандай ЛДПБ і камандай… “Белай Русі”.
Фота: Змітра Лукашука