На васьмі факультэтах БДУ на платнае ўзялі... ўсіх!

120806 Martynovich VNU.mp3

“Падаваў дакументы ў Інстытут журналістыкі. Набраў 94 балы па двух тэсціраваннях. І творчыя іспыты: сачыненне напісаў на 4, і вусны іспыт таксама 4”, - расказвае Ігар з Мінска.

З такімі вынікамі ідзе на платнае. Хоча працаваць спартовым каментатарам. Еўрарадыё віншуе Ігара з паступленнем, бо конкурсу на факультэт журналістыкі сёлета не было. Бралі ўсіх.

Мінчанка Ева паступае на міжнародныя адносіны, але з 306 баламі – толькі платнае.

“Іду на Факультэт міжнародных адносінаў. Яшчэ год таму вызначылася з выбарам. Набрала 306 балаў. А на бюджэт прахадны 374. Хацела менавіта на гэты факультэт”, - кажа Ева.

15 мільёнаў у год за навучанне Еву не засмучаюць. Маўляў, паўсюль так.

Як даведваецца Еўрарадыё, сёлета на 8 факультэтах БДУ на платнае залічылі ўсіх, хто ўдзельнічаў у конкурсе. Конкурс і прахадны бал быў на ўсіх спецыяльнасцях Факультэта міжнародных адносін і на “Сацыяльных камунікацыях” Факультэта філасофіі і сацыяльных навук.

На Факультэце міжнародных адносін самы вялікі прахадны на платнае атрымаўся на “Лінгвакраіназнаўстве” – 284. Самы нізкі – на “мытнай справе” – 205.

Па назіраннях Еўрарадыё, былі і тыя, хто ішоў на платнае ў БДУ з баламі – ніжэй за 120.

Яна з Вілейкі ідзе ў Педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на сацыяльна-педагагічныя тэхналогіі. Мае 135 балаў па іспытах і атэстаце. Малавата, але за грошы....

“Прахадны на бясплатнае там быў 220. Таму іду на платнае. Адразу вырашыла ісці сюды. Больш нікуды не спрабавала”, - расказвае Яна.

І… яна праходзіць на платнае, бо конкурсу на гэтай спецыяльнасці на платным аддзяленні няма. Як і яшчэ на 32 спецыяльнасці з 33, якія прапануе БДПУ. Прахадны бал – толькі на “Спартыўна-турыстычнай дзейнасці”.

Балы ў платнікаў… невысокія. На “Псіхалогію прадпрымальніцкай дзейнасці” адзін чалавек прыйшоў, набраўшы ад 81 да 90 балаў па трох тэстах. Паступае!

Фота: flikr.com