На МТЗ працуючым пенсіянерам не далі “дапамогу на бульбу”
Кіраўніцтва вырашыла, што прыбаўка да заробку робіць непатрэбнай выплату 500 тысяч рублёў матэрыяльнай дапамогі.
Усе бюджэтнікі ды пенсіянеры мусілі атрымаць ад дзяржавы па 500 тысяч так званай дапамогі “на бульбу”. Але калі адным грошы ідуць з бюджэту, то на дапамогу іншым грошы самастойна шукалі ўстановы, дзе яны працуюць.
У Гомельскім дзяржаўным ўніверсітэце імя Скарыны выкладчыкі дзеляцца на бюджэтнікаў “дзяржаўных” і бюджэтнікаў “універсітэцкіх”. Адпаведна, і грошы яны атрымлівалі з розных крыніц, распавядае Еўрарадыё галоўны бухгалтар ВНУ Альбіна Шаўрына.
Альбіна Шаўрына: “Тыя, якія ў штатным раскладзе за кошт бюджэтных ставак утрымліваюцца, ім выплачвалася з рэспубліканскага бюджэту. Міністэрства адукацыі прафінансавала на гэтую суму. А тыя, якія ў нас у штаце ўтрымліваюцца, – за кошт пазабюджэтнай нашай дзейнасці – ім выплачвалася з уласных сродкаў матэрыяльная дапамога. У такім жа памеры – 500 тысяч”.
Як стала вядома Еўрарадыё, сярод “універсітэцкіх” бюджэтнікаў ходзяць чуткі, што пазней з іх гэтыя 500 тысяч “дапамогі” вылічыць. Да прыкладу, за кошт скарачэння прэміяльных. Але бухгалтар абвяргае такія падазрэнні.
Альбіна Шаўрына: “Пэўным чынам гэта змяншае нашы фонды. Але ніхто ўтрымліваць гэтыя грошы не будзе. Скажам так, у нас застаецца менш свабодных грашовых сродкаў, якія мы маглі ў далейшым накіраваць на матэрыяльнае стымуляванне нашых супрацоўнікаў”.
“Белшына” выплаціла па 500 тысяч усім працуючым на прадпрыемстве пенсіянерам, і нават вырашыла дапамагчы дзяржаве – грошы далі пенсіянерам, якія калісьці ў іх працавалі. Па словах намесніка генеральнага дырэктара па кіраванни персаналам і сацыяльных пытаннях Аляксандра Казлова, на гэта пайшлі 2 мільярды рублёў.
Аляксандр Казлоў: “Вынікі гаспадарча-фінансавай дзейнасці прадпрыемства дазволілі нам выплаціць (пенсіянерам, якія калісьці працавалі на “Белшыне” – Еўрарадыё). Таму кіраўніцтвам прадпрыемства было прынятае такое рашэнне – дапамагчы людзям. Патрацілі на гэта дастаткова вялікую суму – каля 2 мільярдаў рублёў”.
Выплацілі дапамогу былым сваім супрацоўнікам, якія цяпер на пенсіі, і на прыватным прадпрыемстве “Савушкін прадукт”. Але не замест дзяржавы, а ў дадатак да бюджэтных 500 тысяч, - кажа намеснік генеральнага дырэктара па сувязям з грамадскасцю Алена Бабкіна.
Алена Бабкіна: “Да дня сталага чалавека правялі сходы на ўсіх нашых вытворчых філіялах: і ў Пінску, і ў Століне, і ў Камянцы, і ў Брэсце, і ў дадатак да святочнага пачастунку, салодкага стала, былі зробленыя выплаты грашовыя пенсіянерам. Гэта ў дадатак (да бюджэтных выплат – Еўрарадыё), бо гэта за кошт прадпрыемства”.
Праўда, колькі дакладна дадалі пенсіянерам на “Савушкіным прадукце” да дзяржаўных 500 тысяч, Алена Бабкіна не ўдакладніла.
Інакш паступілі на “Мінскім трактарным заводзе”. Там вырашылі нікому нічога не выплачваць. Тым больш, што, па словах начальніка бюро па выплаце заробнай платы Ірыны Уладзіміраўны, адпаведны прэзідэнцкі указ пакідае за наймальнікам права вырашаць – плаціць ці не. На МТЗ вырашылі, што плаціць не абавязкова.
Ірына Уладзіміраўна: “Мы павысілі заробную плату ў гэтым месяцы на 15%, таму кіраўніцтва не прымала рашэнне аб выплаце па 500 тысяч пенсіянерам. Адзінае, каму мы зараз выплацілі, і то – гэта за кошт фондаў сацыяльнай абароны, “дэкрэтніцам” усім. Хто на 1 верасня аформіў дапамогу па даглядзе за дзіцём да 3 гадоў. А пенсіянерам – не, канешне. Пенсіянер, я разумею так, калі ён працуе, то ён напалову пенсіянер”.
На пытанне, колькі гэта можа быць – 15%, адказала: гэта можа быць і 300, і 400, і 500, і 200 тысяч рублёў.
Фота: http://fota.bymedia.net/