Мытнікі ўжо лічаць растаможку аўтамабіляў па новым курсе

Як паведамілі Еўрарадыё ў аддзеле мытнага афармлення і кантроля №1 Брэсцкай мытні, адразу па заканчэнні валютнай сесіі на біржы, кошт растаможкі аўтамабіляў мытнікі пачалі лічыць па новым курсе Нацбанка.

“Зразумела па новым (курсе Нацбанка вылічваецца кошт растаможкі — Еўрарадыё). Гэта скідваецца нам адразу ў электронным выглядзе і аўтаматычна адразу абнаўляецца”, — кажа супрацоўнік аддзела мытнага афармлення і кантроля.

Пры гэтым супрацоўніца аддзялення №120/21 Беларусбанка ў вёсцы Макраны паведаміла, што ёй новы курс і праз паўгадзіны пасля заканчэння таргоў на беларускай біржы не прыйшоў. Праўда, дадала, што аплату растаможкі вылічваюць мытнікі і гэта галоўнае для аўтаўладальнікаў.

Нагадаю, 20 кастрычніка прайшла адзіная сесія на беларускай біржы. Па выніках яе курс еўра Нацбанка стаў роўны камерцыйнаму курсу і склаў 11900. Яшчэ раніцай ён быў 7892 рублі.

Фота — bymedia.net