Могілкі беларускага асветніка адрэстаўравалі за польскія грошы
Урастыстае адкрыццё комплекса памяці Андрэя Снядэцкага пройдуць 30 лістапада.
Комплекс, прысвечаны памяці выбітнага беларускага навукоўцы і асветніка Андрэя Снядэцкага, будзе адчынены пасля рэстаўрацыі 30 лістапада на могілках у вёсцы Гароднікі Ашмянскага раёна. Як распавяла Еўрарадыё Валянціна Лузіна, экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, на ўрачыстасці прыедуць не толькі беларускія навукоўцы і чыноўнікі, але і госці з Польшчы і Літвы.
Валянціна Лузіна: “На могілках будзе адчынены, пасля аднаўленчых работ, комплекс, прысвечаны аднаму з нашых асветнікаў — Андрэю Снядэцкаму. Браты Снядэцкія Ян і Андрэй — гэта людзі, якія яднаюць тры дзяржавы: Беларусь, Польшчу і Літву”.
Ян-Баптыст-Уладзіслаў Снядэцкі — астраном, матэматык, філосаф і педагог, быў прафесарам і рэктарам Віленскага ўніверсітэта ў гады яго росквіту — з 1806 па 1814 гады. Яго брат Андрэй у гэтыя ж гады быў прафесарам хіміі ў гэтым жа ўніверсітэце.
Грошы на рэканструкцыю комплекса выдаткаваў польскі бок. Беларускі таксама спрычыніўся: Міністэрства культуры выдала дазвол на рэканструкцыю.
Дарэчы, непадалёк знаходзяцца і рэшткі былога маёнтка Андрэя Снядэцкага. Але грошай на яго рэстаўрацыю няма. Дый рэстаўраваць там, прызнаецца суразмоўца Еўрарадыё, амаль няма чаго.
Фота — birdwatch.by