Мінінфарм папрасіла ў суда вярнуць іск і грошы
“Народная воля” будзе па-ранейшаму выдавацца, а вось ці вернуць міністэрству 700 тысяч дзяржпадатку – невядома.
Міністэрства інфармацыі звярнулася да Вышэйшага гаспадарчага суда з просьбай вярнуць іх іскавую заяву аб спыненні выхаду “Народнай волі”. Суд просьбу задаволіў і пакінуў справу без разгляду.
Адначасова прадстаўніца міністэрства папрасіла суд вярнуць іх установе ўжо заплачаны дзяржпадатак у памеры 700 тысяч рублёў. Суддзя Маёрава здзіўлена перапытала, на якой падставе яны просяць вярнуць грошы. Калі адказу не дачакалася, сама адказала : “Проста просіце і ўсё, так?”
Такім чынам, судовае пасяджэнне заняло каля 20 хвілін. Па выхадзе з суда галоўны рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч прызнаўся Еўрарадыё, што пасля ўчорашняга рашэння па “Нашай ніве” чакаў таго ж і ў дачыненні да іх выдання. І запэўніў, што нават пагроза закрыцця газеты не напалохала калектыў.
Іосіф Сярэдзіч: “Нас могуць напалохаць толькі падпісчыкі і чытачы. Калі яны адмовяцца падпісвацца на газету і набываць яе ў шапіках – вось тады для рэдакцыі гэта будзе “напалохалі”. А чыноўнікі не могуць напалохаць прафесіяналаў. Калі прафесіяналы дзейнічаюць у адпаведнасці з заканадаўствам, кіруючыся не толькі ўласнымі інтарэсамі, але і інтарэсамі краіны, то нас нельга напалохаць”.

Вось толькі, хутчэй за ўсё, “Народную волю” ў самы бліжэйшы час чакае новы суд. І менавіта з гэтым Іосіф Сярэдзіч звязвае адмову Мінінфарма ад сваіх прэтэнзій.
Іосіф Сярэдзіч: “Учора ў рэдакцыі з’явілася група супрацоўнікаў галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў і склалі пратакол аб адміністрацыйнай адказнасці. Таму я не выключаю, што нас чакае суд, але ўжо з іншым падыходам – нельга ж несці пакаранне за адно і тое ж некалькі разоў. Таму, мабыць, у міністэрстве вырашылі, што лепш няхай іх пакараюць фінансава, але газета застаецца на “плыву”. Вось і прынялі такое рашэнне”.

Па яго словах, пакараць газету могуць за тое, што яны, нібыта, пішуць няправільную дату выхаду – не сам дзень выхаду, а дні да з’яўлення наступнага нумара.
Са свайго боку, намеснік галоўнага рэдактара Святлана Калінкіна, матэрыялы якой і сталі прычынай большасці папярэджанняў газеце ад Мінінфарма, называе тры прычыны, якія падштурхнулі чыноўнікаў адмовіцца ад ідэі закрыць выданне.
Святлана Калінкіна: “Гэта і грамадская думка, гэта і цвярозы разлік – калі забараніць выхад друкаваных версій газет, то журналісты і “Народнай волі”, і “Нашай нівы”, ужо не абмежаваныя законам “Аб СМІ” будуць працаваць так, як лічаць патрэбным. І трэці, самы галоўны момант, у тым, што ўлады краіны, з аднаго боку, могуць у Беларусі рабіць што заўгодна і як прыйдзе ў галаву, але з іншага – трэба мець добрыя стасункі з Захадам. Бо менавіта там зараз асноўная доларавая крыніца”.

Пагроза закрыцця газеты, кажа Святлана, не прымусіць яе быць больш асцярожнай у сваіх матэрыялах. Маўляў, як не засцерагайся, але калі захочуць – усё адно знойдуць зачэпку і прычэпяцца. Такое ж меркаванне і ў Іосіфа Сярэдзіча.
Іосіф Сярэдзіч: “Больш асцярожным нельга быць! Альбо самому тады прыхлопнуць газету, альбо – выдаваць газету без аглядкі”.

Але не журналістаў менавіта гэтых двух выдання хацела напалохаць Мінінфармацыі, лічыць намеснік старшыні “Беларускай асацыяцыі журналістаў” Андрэй Бастунец. Разлік быў на іншыя выданні.
Андрэй Бастунец: “Я не выключаю, што гэтыя папярэджанні, гэты пераслед выданняў – ён мусіў прывесці да самацэнзуры ў іншых выданнях, якія бачаць, які лёс можа напаткаць іх калег”.

Па яго словах, гэтая справа Мініфармацыі да “Народнай волі” ўжо канчаткова закрытая і нечакана вярнуцца да яе нельга. Але заканадаўства ў дачыненні да СМІ ў краіне такое, што “назбіраць” некалькі новых папярэджанняў для чарговага іску ў суд будзе пры жаданні для чыноўнікаў не складана.
Дарэчы, у пастанове суда ніяк не была ўзгаданая просьба Мінінфарма аб вяртанні ім 700 тысяч дзяржпадатку.
Фота: Змітра Лукашука