Мінімальная цана гарэлкі ў крамах паднялася толькі на... 2 тысячы рублёў!

"У нашых фірмовых крамах, на "Еўрагандлі" ўчора быў ажыятаж! Тым, каму патрэбны быў алкаголь, па пяць скрынь куплялі! Я вам не хлушу!" — шчыра распавядае гандлёвы прадстаўнік сталічнага лікёра-гарэлачнага завода "Крышталь" Таццяна.


Спецыялістка ўпэўненая, што асаблівай розніцы пасля пастановы Мінэканомікі аб падвышэнні мінімальных коштаў на алкаголь на 51% спажывец... не адчуе.


"Усе крамы, якія прадавалі гарэлку па мінімальнай цане 27 тысяч, мусілі зрабіць накруткі на гарэлку да мінімальнай цаны 29 тысяч рублёў. У тых крамах, дзе гарэлка прадавалася па 36 тысяч, нічога не зменіцца".


Што будзе з цаной на гарэлку, у мінскіх крамах не ведаюць. Кажуць — як загадае пастаўшчык, і палохаюць адно аднаго страшылкамі:


"Я ўчора з пастаўшчыком размаўляла, яны сказалі, што "Крышталь" будзе каштаваць 60 тысяч! Але ў мінулыя разы пастаўшчыкі тэлефанавалі, маўляў, затарвайцеся, мы падвышаем акцызы — зараз маўчаць. Таму мы і самі не ведаем, што з цэнамі будзе. Можа, як у мінулы раз будзе, калі акцыз падвышалі. Чакалі, што падвысіцца, але падаражэння не было", — кажуць у гіпермаркеце "Гіпа".


Самая танная гарэлка "Крышталь класік" у гіпермаркеце каштуе 34 тысячы рублёў. Як стала вядома Еўрарадыё, з лістапада гарэлка, магчыма, падаражэе на 10-15%. На Брэсцкім, Віцебскім і Клімавіцкім заводах рэзка падвышаць кошты не будуць.


У аддзеле закупак гіпермаркета "Гіпа" паўтараюць, што пакупнікі не зразумелі пастанову Мінэканомікі:


"Гэта хітрая задумка падцягнуць мінімальныя цэны да фактычных коштаў на гарэлку, якія бачыце ў краме. Гэта ў сярэднім каля 30 тысяч".


На лікёра-гарэлачных заводах у Клімавічах, Брэсце і Віцебску ад алкагольнай істэрыкі насельніцтва ў здзіўленні: чаму людзі скуплялі гарэлку, калі мінімальная цана ў крамах паднялася толькі на 2 тысячы?


"Вось гэты ажыятаж ствараецца сярод людзей, крамы разгружаюць паліцы, дзе можна сустрэць прадукцыю нават чэрвеньскіх паступленняў. Прыйдзе новая прадукцыя, і новая прадукцыя паступіць па новых коштах. Тады людзі адчуюць розніцу".


На Віцебскім заводзе кажуць, што гэтае самае падвышэнне мінімальнага кошту на гарэлку датычыцца акцызнай палітыкі дзяржавы: каб прыраўнаваць расійскія акцызныя падаткі да беларускіх, і гэтае падвышэнне было вельмі паступовым.


Цяпер мінімальная адпускная цана бутэлькі беларускай гарэлкі — каля 24 тысяч рублёў, з лістапада яна падвысіцца да 26 тысяч, з іх больш за палову складае стаўка на акцызы. Таксама ў кошт бутэлькі гарэлкі ўваходзіць падатак на дадатковы кошт і накрутка гандлёвага прадпрыемства.