Міклашэвіч: У Беларусі яшчэ толькі будуецца прававая дзяржава
Старшыня суда выказаў спадзяванне, што санкцыі Еўрасаюза прымацца не будуць і адзначыў, што неабходна праверыць дзеянні міліцыі адносна журналістаў
Дзеянні міліцыі адносна журналістаў неабходна праверыць. Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі 26 студзеня заявіў старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч, адказваючы на пытанне аб нападзе на калону Някляева ўвечары 19 снежня. Нагадаем, акрамя актывістаў тады пацярпелі і прадстаўнікі СМІ.
Міклашэвіч: “Мусіць давацца ацэнка неправамоцнасці дзеянняў. Наколькі мне вядома, праводзіцца праверка і будзе дадзена ацэнка”.
Каментуючы затрыманне Уладзіміра Някляева, Міклашэвіч адзначыў, што ў Беларусі “кандыдат не валодае імунітэтам ад крымінальнага пераследу”.
Старшыня суда выказаўся і з нагоды паслявыбарчых ператрусаў і арыштаў. Ён адзначыў, што Канстытуцыя не толькі дае правы, але прадугледжвае абавязкі. Калі праводзіцца расследаванне, могуць праводзіцца ператрусы і допыты, але адказнасць за законнасць гэтых дзеянняў нясе пракуратура.
Міклашэвіч: “Органы пракуратуры здзяйсняюць нагляд за законнасцю ўсіх следстваў і аператыўных дзеянняў. Канстытуцыйны суд не ўпаўнаважаны правяраць законнасць гэтых дзеянняў”.
Паводле Міклашэвіча, канстытуцыйныя нормы не могуць выконвацца цалкам, без абмежаванняў. Тое тычыцца, напрыклад, свабоды сходаў і публічнага выказвання меркавання.
Міклашэвіч: “У нас на канстытуцыйным узроўні прадстаўлена мажлівасць грамадскім аб’яднанням выказваць сваё меркаванне публічна. Калі парушаецца парадак, надыходзіць адпаведная адказнасць — адміністрацыйная ці крымінальная”.
Нельга карыстацца канстытуцыйнымі прывілеямі, калі яны суправаджаюцца парушэннем закону, дадаў ён.
Міклашэвіч таксама адзначыў, што на сёння асноўная канстытуцыйная мэта – пабудова дэмакратычнай прававой дзяржавы.
“Гэта галоўная канстытуцыйная мэта. Але гэта не значыць, што мы ўжо яе пабудавалі. Ідзе працэс пабудовы такой дзяржавы”, – падкрэсліў Міклашэвіч.
Што тычыцца ўвядзення санкцый супраць Беларусі, то старшыня Канстытуцыйнага суда выступае супраць іх. На яго думку, для гэтага няма прававых падстаў. Міклашэвіч выказаў спадзяванне, што “санкцыі ў дачыненні да Беларусі прымацца не будуць”.
Фота: mair.in.ua