Летась на сярэдні заробак адзначыць можна было 5 разоў, сёлета толькі 2

Новы год, як зрэшты і ўсё астатняе, сёлета таксама падаражэў. І калі для беларусаў кошты на святочныя вечарынкі ў рэстаранах, адпачынак у санаторыях ці проста традыцыйны аліўе з шампанскім выраслі разам з доларам, то для нашых усходніх суседзяў, якія і так традыцыйна адпачываюць у Беларусі – практычна, нічога не змянілася. 


У фірме "Авінта-фудзін" прапануюць трохдзённы тур у Белавежскую пушчу.


"Калі Белавежская пушча, то праграма з наведваннем Брэста і Кобрына. Сустракаем Новы год у Брэсце, а далей ужо едзем у Кобрын і Белавежскую пушчу. Такія туры, шчыра кажучы, разлічаныя на грамадзянаў Расійскай Федэрацыі і каштуюць яны ад 180 еўра плюс 80 еўра за банкет".


Для беларусаў жа застаецца прапанова паехаць у Белавежскую ці Налібоцкую пушчу на 1 дзень. Каштаваць гэта будзе каля 20 долараў з чалавека.


У гасцініцы ў Белавежскай пушчы ўжо няма месцаў. Як і чакалася, усё выкуплена збольшага гасцямі з Расіі.


"З 30 снежня па 15 лютага у нас усё занята. І ўсе выходныя ў снежні занятыя", – адказвае адміністратар гатэля.


Яно і зразумела, самы танны нумар у гасцініцы пушчы каштуе 42 тысячы з чалавека, гэта 5 баксаў! Самы дарагі каштуе 372 тысячы з чалавека за суткі.


Гэта не параўнаць з санаторыямі. Напрыклад, "Юнацтва" пад Мінскам каштуе 1000 долараў з чалавека на 12 дзён. Але там таксама шмат месцаў раскуплена расіянамі. Таму нават цэнніка ў беларускіх рублях не знайшлося, аператар сходу пералічвае з расійскіх.


"Даражэйшы лясны корпус 32833 рублі, гэта 9 мільёнаў 206 тысяч беларускіх разам з турыстычнай паслугай. Калі браць аднамесны нумар у марскім корпусе гэта будзе 30 844 рубля. 8 мільёнаў 572 тысячы".


За год сустрэча Новага года ў санаторыі падаражэла не толькі у беларускіх рублях, але ў расійскіх. Цяпер такі адпачынак каштуе каля 1000 долараў, а летась 830.


Таксама даражэй у беларускіх рублях стала сустрэць Новы год у кавярнях. Але ў доларах часам сустракаецца адваротная сітуацыя. Так у кафэ "Печкі-лавачкі" адзначыць доўгачаканае свята каштавала 260 тысяч – 86 долараў, а цяпер 550 тысяч – 64$. Гэта быў адзін з самых танных леташніх варыянтаў у Мінску. Самы дарагі быў 700 тысяч у "Bella Rosa", сёлета ў доларах кошт захаваўся стары, у рублях адпаведна ў 3 разы вышэй. У сярэднім адпачыць у рэстаране ў навагоднюю ноч абыйдзецца ў 100 долараў, як і летась, толькі ў рублях гэта ўжо зусім іншы кошт. Такім чынам за сярэдні заробак у 2010 годзе (500$) сустрэць Новы год можна было 5 разоў, а сёлета (260$) хопіць толькі на 2.


Але Еўрарадыё адшукала варыянт пагудзець у кавярні яшчэ танней, чым летась, нават у рублях. Але для гэтага трэба было варушыцца загадзя – усе месцы раскупілі яшчэ ў сярэдзіне восені.


"У навагоднюю ноч – 200 тысяч з чалавека плюс праграма. Атрымоўваецца 230 тысяч з чалавека. Але справа ў тым, што ў нас ужо з пачатка лістапада ўсе замоўлена і не толькі ў навагоднюю ноч, але з 18 снежня ўжо нічога няма", – нібыта з мінулага распавядае адміністратар кавярні "Мядовы куток".


Для аматараў адпачыць за горадам заўсёды застаецца варыянт аграсядзібаў. Каштуе гэта, як і летась каля 100 долараў з чалавека, без начлегу. Прапановы розныя, ад стандартнага навагодняга карнавалу да тэматычных вечарын.


"Мы прапануем актыўны забаўляльны фармат. Катаемся з горкі, на санях, лыжны паход. Забаўляльная праграма ў памяшканні. Напрыклад, фолькпаці ці вечарына з Робінгудам", – распавядаюць у загарадным клубе "Фестывальны".


Траціна месцаў у аграсядзібах зноў жа выкуплена расіянамі. І прычына тут не толькі ў іх фінансавых магчымасцях, а і ў працяглых навагодніх вакацыях. Нам жа застаецца запасціся мінералкай і ўжо 2 студзеня кульгаць на працу.