Кошт на вібратары вырасце на 10-20%, а на бульбу — пакуль невядома

130329_marcin_vibratary.mp3

Базавая арэндная велічыня падымаецца на 60% — кошт аднаго метра вырасце з 54 000 да 86 000 рублёў.

Лідар прадпрымальніцкага грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Анатоль Шумчанка кажа Еўрарадыё, што прадпрымальнікі, магчыма, будуць шукаць новыя месцы:

"Проста адмовяцца ад месцаў і будуць шукаць больш аптымальныя па коштах. Ці, як варыянт, падымуць кошты".

Ад 1 красавіка арэнда гандлёвай плошчы на Камароўскім рынку ў павільёнах і на месцах будзе каштаваць ад 250 долараў за месца и да 1000 долараў за памяшканне ў 15 квадратных метраў:

"У павільёне арэнда 8,1 мільёна рублёў, разам з камунальнымі — у раёне 9 мільёнаў. А на месцах у межах 2,5-3 мільёнаў", — кажуць Еўрарадыё ў аддзеле арэнды “Камароўкі”.

Раней за месца трэба было плаціць трохі болей за 1,5 мільёна. Арэнда на "Камароўцы" залежыць ад стаўкі арэнднай базавай і падвышальнага каэфіцыенту, што залежыць ад тавару. Да прыкладу, каэфіцыент пры продажы каўбас падвышае кошт месца ў 19 разоў.

Свае каэфіцыенты дзейнічаюць і ў іншых гандлёвых цэнтрах Мінска. У гандлёвым цэнтры "Сталіца" ўлічваюць паверх, месца, а таксама беларускі гандляр ці не. Тут метр месца ў кіёсках каштуе ў арэнду каля мільёна рублёў, aле ў адміністрацыі гандлёвага цэнтра кажуць, што ніхто не з’язджае:

“Апошнія чатыры гады няма пустуючых месцаў. Гэта вельмі вялікая ўдача для арандатара, калі нешта вольнае з’яўляецца. Усе ўжо ведаюць пра падвышэнне арэнды. Абураюцца, скардзяцца, але ніхто не з’язджае”.

Як арэнда паўплывае на кошты? У абутковай краме "Сталіцы" Еўрарадыё кажуць, што кошты за арэнду больш чым 500 метраў квадратных завоблачныя:

“Я ўжо выказала сваё незадавальненне, але мы нікуды не паедзем”. Тут кажуць, што пакуль ніяк падвышаць кошты не будуць, але будучыня пакажа.

А вось прадавец інтымных тавараў з гандлёвага цэнтра "Сілуэт" Дзмітрый прагназуе падаражанне вібратараў: "Прыкладна на 10-20% на ўсю прадукцыю. Мы падлічым новыя кошты, калі заплацім арэнду".

Гэтак жа будзе і з іншымі таварамі. З цягам часу кошты на свініну, ялавічыну, а таксама нават на бульбу вырастуць у залежнасці ад прадаўца. Спецыялісты спадзяюцца, што гэта будзе ў межах 5-20%.