КДК і Генпракуратура высвятлялі колькасць свідравін у Севастопальскім парку
Свідравіны падлічылі, але не гарантавалі, што якасць вады з-за гэтых ведаў у кватэрах мінчукоў палепшыцца.
Сапраўдны дэсант з чыноўнікаў Камітэта дзяржкантролю, Генпракуратуры, Мінскводаправоду, Белэнерга ды іншых устаноў апанаваў 23 жніўня сталічны Севастопальскі парк. Пакінуць утульныя кабінеты іх прымусілі звароты грамадзян, незадаволеных якасцю вады ў кватэрах. Пры тым, што побач у парку знаходзяцца ажно 9 свідравін з артэзіянскай вадой.


“Бо, нават калі яна і адпавядае ўсім санітарным нормам, назіраць той асадак, які застаецца пасля кіпячэння, проста агідна. І піць гарбату, калі разам з вадой у кубак ляцяць нейкія камякі, непрыемна”, – кажа мясцовы жыхар Віктар Янчурэвіч.
Высветліць, чаму ў кватэры не трапляе чыстая вада з бліжэйшых свідравін, жыхары спрабуюць ужо не першы год. Але, па словах Валянціны Шалейнікавай, чыноўнікі то адмахваюцца адпіскамі, то – спыняюць перапіску. А то і блытаюцца ў сваіх адказах: колькі ж насамрэч у Севастопальскім парку свідравін – 8 ці 9.
Уцямна адказаць на гэта пытанне і запатрабаваў найперш намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Аўдзееў ад намесніка кіраўніка Мінсквадаправоду Віктара Чарнаморца.
Віктар Чарнаморац: “Сёння на тэрыторыі Севастопальскага парка эксплуатуецца 9 артэзіянскіх свідравін. Артэзіянскія свідравіны ўключаюцца альбо выводзяцца ў рэзерв па неабходнасці. Гэта рэгламентавана правіламі тэхнічнай эксплуатацыі. Прадпрыемства мае права займацца тэхналагічнай сітуацыяй, выгаднай для прадпрыемства і з мэтай эканоміі энергарэсурсаў. Цяпер на тэрыторыі парка ў праўным стане знаходзяцца ўсе 9 свідравін, з іх працуюць – 6”.

Як высветлілася, адну свідравіну часова “закансервавалі” па патрабаванні “Беленерга” – тыя запатрабавалі, каб электраправады ішлі не па слупах, а пад зямлёй. Парушэнне да гэтага часу не выправілі. Яшчэ дзве не працуюць таму, што... пітной вады і без іх у сталіцы хапае.
Пры гэтым супрацоўнік Мінсквадаправоду прызнаецца, што ў сталіцу качаюць ваду з свідравіны “Волма”, што амаль у 50 кіламетрах ад горада. Яе змешваюць з вадой са свідравін, што ў Севастопальскім парку, і падаюць у кватэры жыхароў Савецкага раёна.
Віктар Чарнаморац: “Уся гэтая вада збіраецца ў рэзервуары чыстай вады, яна там змешваецца (з вадой з “севастопальскіх свідравін” – Еўрарадыё) і даводзіцца да якасці пітной вады. Бо рэзервуар – гэта таксама водападрыхтоўка. І пасля падаецца насельніцтву”.

Заява выклікала абурэнне людзей, маўляў, навошта? А прадстаўнік Дзяржкантролю зацікавіўся фінансавай карысцю ад такога змешвання “гарадской” і “раённай” вады. Адказу на гэтыя пытанні не атрымалі. Начальнік упраўленні Мінжылкамгаса Віктар Шагун запэўнівае, што для звычайных спажыўцоў гэта значэння ня мае.
Віктар Шагун: “Для насельніцтва ніякай розніцы няма: тарыф, зацверджаны ўрадам, аднолькавы для ўсёй краіны. Для “Водаканала” розніца па сабекошце, магчыма, ёсць. Яны такія разлікі прадставяць. Розніца, вядома, ёсць у спажыванні электраэнергіі на куб. Больш альбо менш – з якога водазабора як атрымліваецца”.
Адказ не задаволіў чыноўніка КДК і ён запатрабаваў прадставіць яму гэтыя звесткі як мага хутчэй. І папрасіў паказаць “закансерваваную” 7-ю свідравіну. Там Аляксандра Аўдзеева чакаў сюрпрыз. Высветлілася, што яна перыядычна працавала. Нягледзячы на забарону “Белэнерга”.

Яму спрабавалі даводзіць, што гэта неабходна рабіць, каб свідравіна не “заплыла” пяском.
Разыходзіліся кожны са сваім уражаннем ад сустрэчы. Намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю паабяцаў, што “разборкі” наконт свідравін у Севастопальскім парку працягнуцца.
Аляксандр Аўдзееў: “ Мне патрэбна эканоміка вады, як бы тут не шумелі, літр вады колькі каштуе. І гэтак далей. У мяне пытанняў дастаткова”.

Прадстаўнік Генпракуратуры, супрацоўнік аддзела па наглядзе за выкананнем зямельнага і прыродаахоўнага заканадаўства Віктар Ляўша больш слухаў, у спрэчкі не ўступаў.
Прадстаўнік Мінскводаправода Віктар Чарнаморац кажа, што лічыць усе прэтэнзіі жыхароў неабгрунтаванымі. Маўляў, усе свідравіны ў працоўным стане і зачыняць іх ці тампанаваць не збіраюцца.
Гэты адказ жыхары лічаць таксама вельмі важным: пакуль свідравіны выкарыстоўваюцца – Севастопальскі парк лічыцца зонай, дзе забаронена любое будаўніцтва. А гэта значыць, яго не знішчаць дзеля элітнага жылля.
А што ж тычыцца якасці вады... Прадстаўніца санстанцыі ўручыла Аляксандру Аўдзееву вынікі экспертызы: вада з “Волмы” адпавядае ўсім санітарным нормам.

А значыць, спадзявацца на яе паляпшэнне ў вадаправодзе жыхарам Савецкага раёна не даводзіцца.
Фота: Змітра Лукашука