“Катэджа ў дырэктара пенсійнага фонду няма — так, дом за горадам...”
Прэтэнзіі кіраўніка краіны, якія той выказаў на нарадзе 2 сакавіка, Еўрарадыё пераадрасавала кіраўніцтву Страхавога пенсійнага фонду.
“Тры мільярды! Адкуль гэтыя грошы?! Яны што, калійныя ўгнаенні вырабляюць і прадаюць? Не. Вазьміце на кантроль, каб гэтыя грошы, каб грошы гэтыя, дывідэнды, укладзеныя ў катэджы і іншае, былі вернутыя”, — так адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка на інфармацыю, што дывідэнды кіраўнікоў Беларускага народнага страхавога пенсійнага фонду летась склалі 3 мільярды рублёў. А ўсё дзякуючы таму, што такія буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы, як "Беларуськалій", "Брэстэнерга" ды іншыя пералічваюць туды грошы на добраахвотнае страхаванне дадатковай пенсіі сваіх супрацоўнікаў.
Што ў дзейнасці “пенсійных страхаўшчыкоў” незаконнае, Еўрарадыё цікавіцца ў намесніка дырэктара Беларускага народнага страхавога пенсійнага фонду Андрэя Радыгіна.
Еўрарадыё: Чаму мне было б пажадана адкладаць у вас грошы на будучую пенсію?
Андрэй Радыгін: Чаму абавязкова ў нас? Такіх, як мы, яшчэ тры кампаніі. Па-другое, гэта страхавы прынцып — сёння збіраюць, каб потым на пенсіі атрымліваць другую пенсію. У дадатак да той, якую будзе выплачваць дзяржава. Вось, у гэтым выгада.
Еўрарадыё: Абавязкова мне асабіста падпісваць з фондам дамову ці за мяне можа рабіць адлічэнні прадпрыемства, на якім я працую?
Андрэй Радыгін: Ды як заўгодна! Калі гэта пройдзе як калектыўная дамова, то можа быць і з прадпрыемствам дамова такая. Калі прадпрыемства раптам вырашыць за вас рабіць грашовыя ўнёскі, то гэта будзе, па-першае, рашэннем прадпрыемства — гэта ж грошы прадпрыемства! Па-другое, гэта нібыта дадатковы сацыяльны пакет — па абавязковым страхаванні ў вас ідзе страхаванне асноўнай пенсіі. Гэта — у якасці бонуса супрацоўнікам. Найперш, у прадпрыемства павінна быць жаданне паклапаціцца пра сваіх супрацоўнікаў. Бо любая камерцыйная арганізацыя, у статуце напісана, у першую чаргу створаная для таго, каб атрымліваць прыбытак. Ці гэта ваша арганізацыя, ці банк, ці — страхавая кампанія, паўсюль закладзены адзін і той жа прынцып — атрыманне прыбытку. Для сваіх заснавальнікаў.
Еўрарадыё: А калі я не заснавальнік, а звычайны наёмны рабочы, то і разлічваць на дадатковую пенсію за кошт прадпрыемства я не магу?
Андрэй Радыгін: Гэта добрая воля прадпрыемства.
Еўрарадыё: Наколькі актыўна нашы прадпрыемствы ідуць на супрацоўніцтва з пенсійнымі фондамі?
Андрэй Радыгін: Рынак у нас… ёмісты. Гэта азначае, што ён яшчэ не засвоены да канца. Гэты від яшчэ не ў поўнай меры запатрабаваны. Дзесьці каля 7 адсоткаў працоўнага насельніцтва гэтых заклапацілася.
Еўрарадыё: І колькі штомесяц мне трэба адносіць у фонд, каб забяспечыць сабе нармальную пенсію? Каб мець тыя ж 500 долараў у месяц?
Андрэй Радыгін: Гэта залежыць ад патрэбнасцяў кожнага чалавека — усё гэта вельмі індывідуальна. Разлік робіцца на падставе формул матэматычных — гэта актуальная матэматыка. І ён робіцца індывідуальна кожнаму. Залежыць гэта ад полу, ад узросту і, канешне, ад сумы, якую б хацеў адкладаць чалавек сабе на дадатковую пенсію.
Еўрарадыё: Я мужчына, мне 40 гадоў і я хачу адкладаць па 50 долараў штомесяц — на якую пенсію я сабе ў выніку наадкладаю?
Андрэй Радыгін: Каб вы разумелі: гэта прынцып таго ж банка — вы ўкладаеце грошы і яны не проста ляжаць, а працуюць. Працуюць пад пэўны адсотак, і ў нас у дамове гэта ўсё прапісваецца. Палічыце — колькі за 20 гадоў вы заплаціце ўнёскаў. Штомесячны ўнёсак памнажайце на 12 і потым — на 20. Гэтую суму вы толькі заплаціце. Плюс, на гэтыя грошы штогод будзе налічвацца адсотак інвестыцыйны. Ну, а ўсё астатняе індывідуальна.
Еўрарадыё: Але ж пенсійны фонд не паводле прынцыпу банка працуе?
Андрэй Радыгін: Не, там іншае заканадаўства.
Еўрарадыё: Калі маё прадпрыемства вырашыць забяспечыць супрацоўнікаў другой пенсіяй, будзе пералічваць вашаму фонду грошы — да нас не будзе прэтэнзій з боку таго ж КДК?
Андрэй Радыгін: Не, не будзе.
Еўрарадыё: А як жа выпадак з “Беларуськаліем”, які пералічвае вашаму фонду грошы?
Андрэй Радыгін: Прэтэнзія толькі адна: у “Белкалія” ёсць уласнік — дзяржава. І ўласнік вырашыў, што супрацоўнічаць “Белкалій” павінен з іншай кампаніяй, а не з гэтай. Вось і ўсё. Усё ў рамках заканадаўства — нічога тут такога.
Еўрарадыё: Наколькі адпавядаюць рэчаіснасці абвінавачванні, што вы нажываецеся на тых адлічэннях, якія ў ваш фонд робяць дзяржаўныя прадпрыемствы?
Андрэй Радыгін: Гэта ўжо ідзе ў разрэзе парушэння заканадаўства. Калі яны ёсць, то гэта — нажывацца, калі парушэнняў няма, то гэта — не нажывацца. А заўчасна навешваць ярлыкі — гэта не зусім правільна.
Еўрарадыё: Мяркую, вашы юрысты і бухгалтары добра ведаюць, як у нас караюць за фінансавыя парушэнні, а тым больш — за фінансавыя махінацыі?
Андрэй Радыгін: Безумоўна! Страхавая кампанія жыве паводле беларускага заканадаўства, якое дазваляе дзейнічаць ў пэўных рамках. У нас ёсць ліцэнзія ад дзяржавы — паводле гэтай ліцэнзіі мы і працуем. Ліцэнзію ў нас ніхто не адбіраў і адбіраць няма за што — няма парушэнняў. Інвестыцыйная дзейнасць вядзецца ў рамках пастановы Савета міністраў. Парушэнняў там таксама няма, таму… Пра злоўжыванні размова не ідзе.
Еўрарадыё: Але ж размова на нарадзе ў кіраўніка краіны ішла пра тое, што атрыманыя дывідэнды ў памеры трох мільярдаў рублёў за год — іх немагчыма сумленна зарабіць…
Андрэй Радыгін: Ну, сумы розныя бываюць. Для кагосьці яна вялікая, для кагосьці — маленькая. Спецыяльна навучаныя людзі разбяруцца ў гэтым, паставяць усе кропкі над “і” і ўсё будзе нармальна.
Еўрарадыё: Вы былі ў гасцях у катэджы свайго дырэктара?
Андрэй Радыгін: Не, не быў!
Еўрарадыё: А ён у яе ёсць?
Андрэй Радыгін: Ну, загарадны дом…
Еўрарадыё: Сціплы?
Андрэй Радыгін: Так.