Кастуся Шыталя будуць судзіць 10 сакавіка

Грамадскі актывіст з Глыбокага, карэспандэнт інтэрнэт-выдання "Весткі" Кастусь Шыталь атрымаў позву на 10 сакавіка ў Глыбоцкі раённы суд.

Яго абвінавачваюць у перавышэнні паўнамоцтваў назіральніка за ходам выбараў. Такім "перавышэннем" суд можа прызнаць тое, што Шыталь быццам бы задаваў студэнтам ліцэя пытанні, ці добраахвотна яны ідуць на датэрміновае галасаванне.

Падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў Кастусь Шыталь быў назіральнікам за выбарамі ад Беларускага Хельсінкскага камітэта, нагадвае праваабарончы цэнтр "Вясна".

У раённым судзе ён ужо пабываў 3 сакавіка, бо гэтую дату першапачаткова запісалі ў пратакол правапарушэння, складзены юрысконсультам райвыканкаму. З улікам таго, што суд не мусіць падпарадкоўвацца выканаўчым ўладам, справу Кастуся Шыталя ў той дзень разбіраць не сталі.

Шыталю пагражае альбо судовае папярэджанне, альбо штраф памерам да 15 базавых велічынь.