"Кассиопея" выпускае маралізатарскі альбом пад назвай “Сэрца аддаю дзецям"

120215 Malina Kassiopeia.mp3

“З узростам, па-першае, абрастаеш дзецьмі, а па-другое – жыццёвым досведам, і хочацца падзяліцца ім з малодшым пакаленнем. А ўлічваючы тое, што мы  зануды і рэдкасныя снобы і ныцікі, то даводзіцца занімацца маралізатарствам. Вось і альбом у нас атрымаўся маралізатарскім – пра разумнае, добрае, вечнае”, – тлумачыць сутнасць будучай пласцінкі лідэр "Кассиопеи" Аляксандр Ліберзон.

Па настроі альбом атрымаўся вясёлым, задорным і аптымістычным. Да таго ж, дадае Ліберзон, акрамя Іллі Чарапко-Самахвалава вакальныя партыі на пласцінцы выканае жаночы, амаль оперны "хор".

“У пласцінцы будзе вельмі многа жывых інструментаў і запрошаных вакалістаў. Там будуць жывыя трубы, жывыя скрыпкі і жывыя дзяўчаты-спявачкі, – смяецца Аляксандр. - У некалькіх песнях будуць асобныя бэк-вакалы, а месцамі – нават амаль лідуючыя партыі ледзь не опернага характару. І, дарэчы, так атрымалася, што там будзе шмат “залётаў” у класічную музыку”.

Па словах Ліберзона, альбом знаходзіцца на фінальнай стадыі - ужо 1-га сакавіка каманда плануе аддаць "майстар" на студыю гуказапісу "Снегири". У пласцінку ўвайшло 12 кампазіцый, і, магчыма, бонус-трэк - песня "Стаканы" - трыб’ют да юбілея Барыса Грабеншчыкова, у якім гурт браў удзел.

Па кантракце паміж "Снегирями" і "Кассиопеей" пасля выхаду трэцяга альбома  лэйбл павінен займацца канцэртамі гурта яшчэ год. Але па індывідуальных дамоўленасцях з прамоўтарам "Кассиопеи"  Аляксандрам Багданавым, усе канцэртныя туры для музыкаў выстройвае агенцтва "Bo Promo". Такім чынам, альбомам "Сэрца аддаю дзецям" гурт "Кассиопея" плануе развітацца са студыяй "Снегири".