Кандрацьеў выклікаў у зборную Глеба, Брэсана і яшчэ 7 футбалістаў БАТЭ
Галоўны трэнер зборнай Беларусі спадзяецца згуляць з іспанцамі ў атакуючы футбол: “Так заўзятары нам даруюць, нават калі мы прайграем!”
Па словах адмыслоўцы, знайсці паспяховы алгарытм гульні супраць іспанцаў вельмі складана. Але рэпутацыя чэмпіёнаў свету і двухразовых чэмпіёнаў Еўропы не мусіць ціснуць на беларускіх футбалістаў: “Я заўжды кажу ім, што за вынік гульні адказваю я. А ім трэба думаць толькі пра футбол”.
У заяўцы зборнай шмат футбалістаў барысаўскага БАТЭ, сярод іх ― Брэсан і Глеб, але няма галкіпера Гарбунова: “Калі Гарбунова выклікаць ― яго трэба ставіць. Футбалісту 29 гадоў, і выклікаць яго ў зборную, каб ён на лаўцы запасных пасядзеў ― гэта не справа. А для мяне зараз нумар адзін ― Верамко”.
Ёсць вялікая верагоднасць, што Брэсан і Глеб будуць узаемадзейнічаць на полі разам, хаця ў апошніх гульнях БАТЭ гэта можна пабачыць рэдка.
Георгій Кандрацьеў: “Галоўная праблема ў матчах з Іспаніяй ― яны мяч не аддаюць. Я глядзеў гульню з Грузіяй ― там 80% на 20% валоданне мячом. Іспанцы як мяч забралі, так грузіны і сталі ля сваіх варот. Наша задача ― паспрабаваць адабраць у іспанцаў мяч, не сесці на свае вароты. А самы небяспечны момант ― калі твая каманда перахоплівае мяч, і ідзе ў атаку, але раптам губляе яго. У матчы з іспанцамі гэта гарантаваны гол”.
Нагадаем, што бліжэйшую гульню зборная Беларусі правядзе 12 кастрычніка на мінскім "Дынама". Беларусы згуляюць з дзейнымі чэмпіёнамі свету і Еўропы - камандай Іспаніі.