Калі ў Віцебску і Смаленску будуць аднолькавыя кошты на газ?
Удзельнікам Мытнага саюза Расія абяцае роўнадаходныя кошты на газ. Але роўныя з Еўропай, а не з самой Расіяй.
Верагоднасць таго, што кошт расійскага газа ў 2012 годзе будзе для нашай краіны меншы, не выключаецца ні расійскім, ні беларускім бокам. Іншая справа ў лічбах — наколькі меншы? І — з наступнага года ці ўсё ж такі крыху пазней?
Сам факт зніжэння кошту прадугледжаны планамі Расіі па выхаду “на роўнадаходныя кошты на газ да 1 студзеня 2015 года” з Беларуссю і Казахстанам у межах Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. Але эксперт Таццяна Манёнак мяркуе, што зараз у Расіі шмат іншых праблем апроч гэтых планаў.
Таццяна Манёнак: “У Расіі – перадвыбарны год. А потым — яшчэ адна выбарчая кампаніі (прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. — Заўв. Еўрарадыё). І я ўжо чытала каментары расійскіх чыноўнікаў, якія кажуць, што здзейсніць гэты крок (выхад на роўнадаходныя кошты. — Заўв. Еўрарадыё) будзе даволі складана. Хаця расійскі прэм’ер Пуцін патрабуе, каб усё ж адбыўся гэты пераход на роўнадаходныя кошты ў Расійскай Федэрацыі да канца 2014 года”.
Да таго ж, па назіраннях Таццяны Манёнак, нават спецыялісты “Газпрама” і “Белтрансгаза” ды чыноўнікі двух краін пакуль не вызначыліся па лічбе змяншэння кошта. Лічба была розная тават тады, калі дзеля прыкладу бралі магчымы кошт пры такім пераходзе да пачатку 2010 года.
Таццяна Манёнак: “Расійскі бок кажа, што для Беларусі газ каштаваў бы, зыходзячы з гэтай формулы, прыкладна на 15 долараў танней. Але я ведаю, што Сямашка, калі ён тлумачыў тую ж саму сітуацыю, казаў, што калі б мы тады перайшлі на гэтую сярэднееўрапейскую формулу, газ бы каштаваў на 30 долараў танней”.
Нагадаю, што ў 2010 годзе расійскае блакітнае паліва каштавала Беларусі 168 долараў за тысячу кубічных метраў.
Сёння, абмяркоўваючы магчымыя выгады ад перахода трох краін Мытнага саюза на роўнадаходныя кошты, адмыслоўцы ізноў кажуць, што гэта дазволіць зменшыць кошт 1 тысчы кубічных метраў газа на 30 долараў. А ўсё з-за таго, што зменіцца прынцып фарміравання кошта: будзе брацца сярэднееўрапейскі кошт на газ мінус мытныя пошліны і транзіт.
Але, як высветлілася, Беларусі гэтага мала — мы патрабуем індывідуальнага падыходу.
Таццяна Манёнак: “Тое зніжэнне не задавальнае беларускі бок — хочацца максімальнага зніжэння. Для таго, каб нейкім чынам наблізіцца да коштаў на газ на ўнутрырасійскім рынку”.
І, на думку беларускіх чыноўнікаў, падставы для такіх патрабаванняў ёсць. Найперш тое, што падчас фармавання Мытнага саюзу казалі пра роўныя ўмовы для працы суб’ектаў гаспадарання трох краін. Па другое, мы — адзіная краіна, якая пагадзілася прадаць суседу сваю газатранспартную сетку разам з “Белтрансгазам”. Ну, і мы па-ранейшаму застаемся галоўным транзітным суседам Расіі, праз тэрыторыю якой яна пампуе газ у Еўропу.
Праўда, у “Белтрансгазе” тлумачыць беларускі погляд на роўнадаходныя кошты газа для нашай краіны адмовіліся. Больш за тое, намеснік генеральнага дырэктара па эканоміцы Міхаіл Пучыла параіў журналісту Еўрарадыё не “лезці” ў гэтую тэму.
Міхаіл Пучыла: “Гэта пытанне (беларускі погляд на роўнадаходныя кошты. — Заўв. Еўрарадыё) не тычыцца раўнадаходных коштаў. А роўнадаходныя кошты... гэта і ёсць роўнадаходныя кошты. Таму, я сур’ёзна кажу, па-харошаму – я нічога каментаваць не буду. Не чапайце вы гэтую тэму! Таму, што... вось і ўсё, што я вам магу параіць”.
Па словах жа вядучага эксперта Расійскага інстытута энэргетыкі і фінансаў Сяргея Агібалава, спадзявацца на зніжэнне кошту газа для Беларусі да ўзроўню коштаў смаленскіх не даводзіцца. А ўсё таму, што “Белтрансгаз” прадаецца задорага.
Сяргей Агібалаў: “Зніжэнне коштаў не апраўданыя. Бо ў Беларусь зараз будзе пастаўляцца газу на суму каля 5 мільярдаў долараў. А сукупна (з транзітам. – Заўв. Еўрарадыё) выходзіць каля 20 мільярдаў. І калі будзе рабіцца зніжка, якая будзе набліжаць кошт да ўнутранага ўзроўня расійскага, то гэта зніжка пацягне дзесьці на 2 мільярды долараў у год. За такія грошы можна набываць “Белтрансгазы” па ўсім свеце, умоўна кажучы! І, па-сутнасці, няма ніякіх выгодаў ад такой пакупкі (“Белтрангаза”. — Заўв. Еўрарадыё)”.
Больш за тое, эксперт не выключае, што спробы знізіць кошт могуць ўвогуле прывесці да таго, што “Газпрам” адмовіцца набываць “Белтрансгаз”.
Сяргей Агібалаў: “У выпадку, калі беларускі бок упрэцца і скажа, што не будзе прадаваць “Белтрансгаз” без зніжэння коштаў, то не выключана, што “Газпраму” будзе выгадней адмовіцца ад здзелкі, чым пагаджацца і ісці на зніжэнне кошту. Гэта можа быць непрыцягальнае мерапрыемства”.
Таму, кажа эксперт, найхутчэй роўнадаходны кошт на газ для Беларусі будзе вылічвацца з сярэднееўрапейскага кошта. Мінус мытныя пошліны і транзіт. І ўсё. Дадаваць сюды “мінус — уваходжанне Беларусі ў Мытны саюз” і “мінус — братнія народы” Расія не будзе.