Інстытут метралогіі: Вяртаць зімовы час больш не плануецца
Метролагі адзначаюць, што адмова ад пераходу на зімовы час не выклікала сур’ёзных пярэчанняў.
Пытанне з пераводам часу ў Беларусі закрытае і вяртацца да яго пакуль не плануецца. Начальнік сектара часу і частаты Беларускага дзяржаўнага інстытута метралогіі Аляксандр Галыга адзначае, што адмова ад пераходу на зімовы час не выклікала вялікіх пярэчанняў. Калі ж будуць нейкія сур'ёзныя праблемы, то да пытання пра зімовы час можна будзе вярнуцца паўторна. Але гэта будзе зноў доўгі працэс і пакуль ніякіх падставаў для яго няма.
"Былі праблемы з раскладам руху цягнікоў з Украінай. З-за таго, што яны позна другі раз прынялі рашэнне. Але зараз ужо ніякіх праблем няма", — тлумачыць Аляксандр Галыга.
Праблемы ўзнікалі не толькі з цягнікамі. Паводле звестак ДАІ, з-за цемры ў ранішні час на дарогах вырасла колькасць аварый. У параўнанні з 2010-м больш пешаходаў трапіла пад колы аўтамабіляў.
Інспектары заўважаюць, што на сённяшні дзень кіроўцы адаптаваліся і статыстыка выправілася.
"Мы паглядзелі статыстыку. У параўнанні з мінулым годам і пазамінулым годам, нічога не змянілася", — гавораць у мінскай ДАІ.
Адмова пераводзіць стрэлкі ніяк не павялічыла выдаткі на асвятленне вуліц. Цяпер пазней адключаюць святло зранку, але і пазней уключаюць яго ўвечары.
"Якая розніца? Нічога не змянілася, — запэўнівае галоўны інжынер "Мінгарсвятла" Алег Глушанкоў. — Час знаходжання сонца на небе і час яго адсутнасці не змяніўся. Святло як гарэла 3872 гадзіны за год — столькі ж і гарыць".
Згодна са словамі чыгуначнікаў, вырашылася праблема з рухам цягнікоў.
"Цягнікі ходзяць паводле раскладу — і ўсё. А фармаванне раскладу залежыць толькі ад пагадненняў, якія прымаюцца чыгуначнымі адміністрацыямі", — тлумачыць прэс-сакратар Беларускай чыгункі Таццяна Бондарава.
А вось з Украінай у часе мы разышліся канчаткова. З самага пачатку нашы суседзі вырашылі таксама адмяніць зімовы час, але ў апошні момант яго вярнулі назад. Цяпер жа ўкраінцы адмянілі замест зімовага летні час, бо ён больш адпавядае сапраўднаму геаграфічнаму часу.
"Геаграфічным часам 90 працэнтаў тэрыторыі Украіны з'яўляецца вось гэты зімовы час. Спачатку Вярхоўная рада прыняла закон, які адмяняў пераход на зімовы час. Потым зразумелі, што нейкая нестыкоўка, пракансультаваліся са спецыялістамі і — вырашылі перавесці на зімовы час. Але пасля гэтага больш пераходу не будзе", — тлумачаць Еўрарадыё ў "Укрметрстандарт".
Цяпер з Украінай у нас будзе розніца ў гадзіну цэлы год, як з Расіяй. З Літвой і Латвіяй розніца ў гадзіну будзе толькі ўзімку, а ўлетку ў нас аднолькавы час. З Польшчай улетку захаваецца розніца ў гадзіну, а ўзімку — 2 гадзіны.