Што ў 2006 годзе міністр Навумаў прапаноўваў ахоўніку Казуліна?
Былы “алмазавец” Ігар Макар расказаў Еўрарадыё, чаму яго спрабуюць дастаць праз сястру.
Еўрарадыё: Што стала прычынай вашага ад’езду з краіны?
Ігар Макар: Яшчэ перад выбарамі (прэзідэнцкімі 2006 года — Еўрарадыё) на мяне пачаўся моцны ціск: спецслужбы цікавіла інфармацыя і кампраматы. Ім трэба было ад Казуліна пазбавіцца як ад нейкага канкурэнта ці лідара. Мяне схілялі да супрацоўніцтва. У мяне была сустрэча з самім міністрам МУС Навумавым. Падчас сустрэчы ён мне канкрэтна сказаў: “Возьмем яго (Аляксандра Казуліна — Еўрарадыё), зоймемся ім. А ты будзеш як ізгой хадзіць”. І пасля гэтага я павінен быў аддаць ім увесь кампрамат.
Еўрарадыё: Выбары завяршыліся і мы ведаем, чым яны скончыліся для спадара Аляксандра. А які быў ваш далейшы шлях?
Ігар Макар: Перад маім ад’ездам мы сустракаліся з амбасадарамі Еўрасаюза. Былі амбасадары Англіі, Францыі, Польшчы, Літвы і Чэхіі. І сам Аляксандр Уладзіслававіч папрасіў маёй абароны — і я з’ехаў у Літву. Мяне вывезлі ў Маскву на дыпламатычнай машыне, а адтуль — у Літву, дзе я атрымаў міжнародную абарону.
Еўрарадыё: Чым вы жылі гэтыя гады, чым займаліся?
Ігар Макар: Я з’ехаў у Нямеччыну. Там шмат маіх знаёмых зараз, у іх там бізнэс. Яны ўзялі мяне на працу, падтрымлівалі. Цяпер у мяне ёсць свая кампанія, свой бізнэс. З палітыкай мяне зараз нічога не звязвае.

Еўрарадыё: Пасля ад’езду вы са сваімі сваякамі нейкія кантакты падтрымлівалі?
Ігар Макар: Канешне.
Еўрарадыё: Калі пачаліся непрыемнасці ў вашых сваякоў, што засталіся ў Беларусі?
Ігар Макар: З сястрой атрымалася так: некалькі тыдняў таму яна мне патэлефанавала і сказала, што ёй пачалі прыходзіць позвы. І пасля другой ці трэцяй позвы да яе прыехалі людзі ў форме і забралі ў РАЎС, і там пачалі дапытваць. Але насамрэч з яе проста насміхаліся. У яе хворае калена, баліць моцна, а ёй тры гадзіны не дазвалялі сесці. Нейкі міліцыянер сказаў: “На плошчы стаяць і пляскаць у ладкі калена не баліць!”. Потым пачалі патрабаваць, каб расказала, дзе брат, чым займаецца. А напрыканцы сказалі, што калі што, то ў яе не будзе ІП, што жыць цяжка будзе і што ўвечары ёй лепш не хадзіць. Сястра расказала, што вельмі было дрэнна, што забралі тэлефон, прачыталі ўсе мае эсэмэскі — яны ўжо ведаюць мой тэлефон. І я не стаў думаць, ведаючы ўсё, што робяць у вас. Ды і думаць не было часу — я не магу, калі мне сястра тэлефануе ў слязах, я адразу пачынаю дзейнічаць. Я сказаў: “Вольга, трэба з’язджаць. Нічога добрага не будзе, а, крый Божа, яшчэ што-небудзь здарыцца”. Адказ быў станоўчы. Маёй сястры зараз 30 гадоў і ў яе маленькі сын, якому 7 гадоў. Я патэлефанаваў у турфірму і запытаўся, у якую краіну Еўрасаюза можна выляцець максімальна хутка. Быў тур у Лондан на 28 жніўня. Я яго адразу ж выкупіў і яны выляцелі.
Еўрарадыё: Які, на ваш погляд, сэнс у такіх дзеяннях міліцыі? У чым яны вас падазраюць: што вы, як спецыяліст, былы “алмазавец”, рыхтавалі нейкіх баявікоў і засылалі сюды ў Беларусь?
Ігар Макар: Я быў прафесіяналам ва ўсім: я і страляў, і бегаў, і скакаў, і ў спаборніцтвах удзельнічаў. І ў камандзе Казуліна са мной спрабавалі размаўляць — там выдатна ведалі, што калі я стану кагосьці рыхтаваць, то ўсё будзе нармальна. Але Казулін вырашыў, што нікога не трэба рыхтаваць — ён спадзяваўся толькі на сябе. А зараз, калі ў краіне пачаліся акцыі пратэсту, становішча ў краіне вы самі ведаеце якое, мне падаецца, што менавіта з-за гэтага ўсё і пачалося. Менавіта пасля гэтых выбухаў, гэтых акцый пачаліся незразумеласці з маёй сям’ёй. Калі ж казаць цалкам шчыра, то яшчэ да маёй сустрэчы з Навумавым я сустракаўся з тагачасным камандзірам атрада (“Алмаз” — Еўрарадыё) Мікалаем Карпянковым. І ён мне сказаў: “Ігар, не трэба нікога рыхтаваць! Мы ведаем, што прыехалі нейкія людзі, ты з іх рыхтуеш баявікоў. Навошта табе гэта трэба? Не займайся гэтым!”. А потым параіў мне падумаць пра маю маці, пашкадаваць яе. Такая пагроза была. І я думаю, што цяпер такая ж сітуацыя — мяне ў гэтым падазраюць. Асабліва з улікам таго, што раней мне гэта было складаней рабіць, а зараз, маўляў, мне гэта прасцей рабіць, бо я не знаходжуся ў Беларусі.

Еўрарадыё: Ваша сястра прыляцела ў Англію — і што яна найперш зрабіла?
Ігар Макар: Я параіў ёй адразу падысці да паліцэйскага і папрасіць, каб адвялі ў “Хоўм-офіс” і проста папрасіць палітычнага прытулку. Як яна потым расказвала, яе адвялі ў нейкі пакой, дзе нават вокнаў не было, і праверылі ўсе рэчы цалкам. Потым упэўніліся, што гэта яе дзіця, бо калі б гэта быў не яе сын, то гэта адразу турма ў Англіі. Толькі потым адвялі яе ў “Хоўм-офіс”, дзе адносіны адразу змяніліся: дзіцяці далі цацкі, яе супакоілі. Зараз ёй ужо далі кватэру і ўсё ў іх нармальна. На 13 верасня ёй прызначылі разгляд яе справы. Там сястра будзе падаваць дакументы, якія ад мяне атрымала: лісты падтрымкі Шушкевіча, Міхалевіча, розных арганізацый міжнародных. І пасля, у тэрмін ад тыдня да трох, яна атрымае адказ.
Еўрарадыё: А калі раптам ёй не дадуць статусу палітычнага ўцекача — адразу дэпартацыя?
Ігар Макар: Калі ёй не дадуць гэтага статусу, то ў нас ёсць час звяртацца ў суд. Тады ўжо суд разглядае ўсе дакументы і ёсць магчымасць атрымаць калі не міжнародную, то англійскую абарону. І тады ёй дазваляюць жыць на тэрыторыі краіны, даюць від на жыхарства, а потым можна падаваць дакументы на грамадзянства.
Фота з архіва Ігара Макара