Хутка лічацца галасы ў таталітарных і тэхналагічных краінах

121101_luka6uk_ukraina.mp3

Раніца чацвёртага дня пасля парламенцкіх выбараў, украінскі ЦВК падлічыў… 99.35% галасоў. Спадзяёмся, да канца дня далічаць гэтыя паўадсотка. А вось старшыня нашага Цэнтравыбаркама Лідзія Ярмошына ведае, хто стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, праз… 4 гадзіны пасля закрыцця ўчасткаў для галасавання. І ўжо на наступны дзень спіс народных абраннікаў быў у СМІ. Справа ў прафесіяналізме сябраў беларускіх выбарчых камісій? Ці тут нешта іншае?


Фармальна беларуская працэдура падліку галасоў не адрозніваецца ад працэдуры ў іншых краінах, гаворыць праваабаронца Валянцін Стэфановіч.


І афіцыйныя лічбы, да прыкладу, парламенцкіх выбараў мусяць агучвацца на пяты дзень пасля дня галасавання. Праз 4 гадзіны можа агучвацца толькі папярэдняя інфармацыя. Іншая рэч, што ў нашай краіны яна фактычна не адрозніваецца ад інфармацыі канчатковай.


Валянцін Стэфановіч: “Участковыя камісіі паведамляюць некалькі разоў цягам дня звесткі ў вышэйстаячыя камісіі, якія гэта акумулююць і паведамляюць у ЦВК. Таму ЦВК, натуральна, ведае, як адбываліся выбары, якая там яўка. Але нашы выбары да такой ступені прадказальныя, што можна і без выбараў сказаць, які будзе вынік”.


Які будзе вынік і хто перамог у асобных акругах на выбарах ва Украіне, не вядома нават раніцай чацвёртага дня падліку галасоў. Але працэдура тут ні пры чым. Палітычны аглядальнік газеты Kyiv Post Аксана Фарына тлумачыць Еўрарадыё: у асобных акругах сябры выбарчых камісій наўмысна затрымліваюць працэс падліку, каб мець магчымасць для фальсіфікацый. Маўляў, яны проста перастаюць прымаць пратаколы з выбарчых участкаў.


Аксана Фарына: “Такім чынам яны намагаюцца затармазіць працэс, каб сябры камісіі, назіральнікі стаміліся — людзі ж не могуць не спаць, не мыцца! Вось так і чыніцца псіхалагічны ціск, каб яны проста пайшлі дахаты. І ў старшыні камісіі з намеснікам была магчымасць дамовіцца з кім трэба — гэта такая прыкмета махінацый”.


На сёлетніх выбарах такое здараецца, заўважае суразмоўца Еўрарадыё, на тых “праблемных” акругах, дзе прадстаўнік кіруючай “Партыі рэгіёнаў” відавочна прайграе апаненту.


На выбарах у Дзярждуму Расіі хуткасць падліку галасоў залежыць ад колькасці... незалежных назіральнікаў на выбарчай акрузе, тлумачыць расійскі праваабаронца Андрэй Юраў.


Андрэй Юраў: “У некаторых рэгіёнах усё дакладна адбываецца як ў Беларусі, а ў некаторых — як ва Украіне. І моцна гэта залежыць ад колькасці назіральнікаў. Да прыкладу, у рэгіёнах, дзе назіральнікаў няма, там вынікі чамусьці падводзяць вельмі хутка”.


Такім чынам, прысутнасць назіральнікаў на ўчастках дрэнна ўплывае на “спрытнасць рук” сябраў выбарчых камісій. Але чаму ж тады іх прысутнасць не перашкаджае нашым “падлікоўцам”?


Валянцін Стэфановіч: “Недакладна прапісаная, недэталізаваная працэдура падліку галасоў — усё гэта стварае магчымасці для разнастайных маніпуляцый”.


Паводле назірання Андрэя Юрава, хутка лічацца галасы ў таталітарных і асабліва тэхналагічных краінах. Да апошніх, заўважае, ні Беларусь, ні Расія не належаць.

Фота: tvpparlament.pl