“Гавары праўду!” выйшла з таго, чаго няма — перамоў па адзіным кандыдаце
Цяпер у апазіцыі на аднаго “адзінага”, магчыма, стане менш?
Кампанія “Гавары праўду!” адмовілася ад кансультацый па вылучэнні адзінага кандыдата ад дэмсіл на выбарах 2015 года. Маўляў, усё адно сёння гэта пытанне невырашальнае.
Уладзімір Някляеў: “Апазіцыя ні разу не села за стол перамоў, а кожны пачаў вылучаць свае прапановы па адзіным кандыдаце. Перамоў няма, а мы робім выгляд, што ёсць нейкія перамовы, што мы пра нешта дамаўляемся. Вось мы і спыняем тое, чаго нямашака”.

Чым здзіўляе сваіх калег з кансультацыйнага трыа — рух “За свабоду” і Партыю БНФ. Аляксандр Мілінкевіч і Аляксей Янукевіч чуюць пра рашэнне “някляеўцаў”… ад Еўрарадыё!
“Гэта не азначае, што пытанне не вырашальнае заўтра! — здзіўляецца Аляксей Янукевіч. — Канешне, я дапускаю, што не будзе адзінага кандыдата ад апазіцыі на выбарах 2015 года. Сёння, магчыма, больш падставаў меркаваць, што яго не будзе, чым спадзявацца, што будзе дасягнутая агульная згода”.

Кансультацыі па адзіным будуць працягвацца і без “някляеўцаў”, упэўнівае Еўрарадыё Аляксандр Мілінкевіч і робіць нечаканую выснову.
Аляксандр Мілінкевіч: “Пасля 2010 года памылкай было не зрабіць “разборку палётаў”! Гэта балюча, гэта цяжка, людзі ў турме. Але калі мы не выправілі памылкі таго часу, то нам не проста і сёння. А зараз яшчэ не будзем нават пра будучыню гаварыць?”.

Мілінкевіч спадзяецца, што калі нарэшце выпрацуюць схему абрання адзінага, то Някляеў з ёй пагодзіцца і далучыцца.
Не бачыць ніякага кандыдата, апроч сябе, лідар ЛДП Сяргей Гайдукевіч.
Сяргей Гайдукевіч: “Іх няма! Гэта вы выдумалі розныя там рухі, адзіных… Нікога няма! Ёсць два кандыдаты ў прэзідэнты: адзін — зразумела хто, а другі — я. А больш нікога няма!”

Але нечакана высвятляецца, што “Гавары праўду!” сыходзіць з перамоў па адзіным не назаўжды, а толькі… на 2013 год. Маўляў, іншых важных спраў хапае. Някляеў прапануе Мілінкевічу і Янукевічу зрабіць сюрпрыз іншым калегам-апазіцыянерам.
Уладзімір Някляеў: “Трэба вырашыць не вырашанае пытанне: ці вылучым адзінага кандыдата ад гэтага блоку, ці ад усіх дэмакратычных сіл?”.
Фота: Змітра Лукашука