Гаспадары кватэр арганізуюць кастынгі будучых жыхароў
Еўрарадыё высветліла, як змяніўся попыт на арэндныя метры.
Сезон студэнтаў і маладых спецыялістаў ужо месяц як прайшоў, а таму наіўна мяркую, што знайсці кватэру зараз лягчэй, чым улетку.
Прапаноў на сайтах аб арэндзе маёмасці не надта многа. Выбіраю аднапакаёўкі — кошты ад 300-350 долараў. І іх здымаюць!
“Здалі ўжо кватэру, было вельмі многа жадаючых. Нават кошты самі паднімалі, хлопец тэлефанаваў: 350 долараў”, — распавядае гаспадыня кватэры за 320 долараў на вуліцы Багдановіча.
Наступная абвестка. "Гэта чорт ведае дзе!" — абураецца мой калега, калі бачыць, што збіраюся тэлефанаваць на Асаналіева. Гаспадыня за звычайную савецкую двухпакаёўку хоча… 400 долараў:
“Змяншаць не думаю, вельмі шмат тэлефанаванняў. Калі не здадзім, дык тады будзем змяншаць. Вас я магу запісаць на заўтра”.
Чарга на кватэру ў аддаленым і не самым лепшым спальным мікрараёне, ды яшчэ не ў сезон?
“За мінулы месяц да нас паступіла 480 кватэр, а звярнулася 2 300 чалавек. Нягледзячы на тое, што студэнты ўжо рассяліліся, ажыятаж на кватэры па-ранейшаму вельмі вялікі, хоць і пачаў крыху зніжацца”, — расказвае начальнік аддзелу арэнды агенцтва нерухомасці “Твая сталіца” Наталля Радзеня.
Прычыну такога ажыятажу агенты нерухомасці звязваюць з пагаршэннем жыцця ў правінцыі, а таксама… ростам заробкаў у сталіцы.
“Попыт ёсць за кошт тых, хто едзе ў сталіцу з перыферыі на працу. Заробкі ў мінчукоў выраслі, і таму многія маладыя сем’і стараюцца адсяліцца ад бацькоў у асобную кватэру”, — тлумачыць Наталля Радзеня.
У агенцтве адзначаюць, што гэты год на рынку арэнды асаблівы, бо кватэры не толькі разлятаюцца за некалькі гадзін, але і значна выраслі па коштах. На думку агентаў, кошты арэнды завышаныя:
“Кастрычнік-лістапад гаспадары кватэр яшчэ бадаюцца ў плане коштаў, а потым кошты ідуць на спад. Калі мы дамаўляемся на кватэру, ацэньваем яе і называем адэкватныя памеры платы, дык гаспадары ў большасці не згодныя з намі. Аргумент — “я так хачу!”.
Кошты на кватэры ў параўнанні з пачаткам лета падвысіліся на 60-70 долараў. Ад 250 долараў за аднапакаёўку, ад 300-320 — за “двушку” і ад 350-400 за трохпакаёўку. У пачатку лета можна было знайсці аднапакаёўку за 180 долараў!
“Людзі здымаюць і такія кватэры. У чэргі нават становяцца, бо няма выйсця іншага”.
Прагназаваць, ці будзе зніжацца кошт і попыт на арэнднае жыллё, агенцтвы не рызыкуюць.
“Чакалі, што ў кастрычніку ажыятаж знізіцца, аднак нашы з вамі надзеі не спраўдзіліся. Гаспадары не скідваюць кошты, арганізоўваюць кастынгі”, — тлумачаць у агенцтве “Мальнар” і спадзяюцца, што да зімы ажыятаж спадзе.