Фасады і заднія двары сёлетняй сталіцы “Дажынак” (ФОТА)
Еўрарадыё пагуляла па цэнтральных вуліцах і плошчах Маладзечна, а таксама паглядзела, што робіцца за прыгожым фасадам падрыхтоўкі да свята ўраджаю.
Да любімага свята беларускага кіраўніцтва “Дажынкі”, якое гэтым разам пройдзе ў Маладзечне, застаецца тры тыдні. Працы па падрыхтоўцы горада да свята ўраджаю не спыняюцца ні ўначы, ні ў выходныя. Зроблена шмат. Прынамсі, Цэнтральная плошча і галоўны парк горада выглядаюць прыстойна.

На што ў першую чаргу і звяртаюць маю ўвагу жыхаркі Маладзечна Марыя Іванаўна і Ганна Раманаўна.
Марыя Іванаўна: “Прыгажосць! Вельмі задаволеныя горадам!”
Ганна Раманаўна: “Галоўнае, каб мы сумелі захаваць гэта. Не толькі каб сёння прыгожа было, але каб гэта было і было! Каб мы не білі гэтыя плафоны, каб не ламалі лаўкі і каб не даводзілася катамараны кожны вечар звозіць (з выкапанага ў парку да “Дажынак” штучнага возера — Еўрарадыё)”.
Парк, між іншым, сапраўды выглядае вельмі прыстойна: два штучныя возеры з альтанкамі і фантанам, новы амфітэатр, брукаваныя дарожкі, прыгожыя лавы і ліхтары.


Праўда, калі сысці з галоўных сцежак, то трапляеш у звыклы свет нявывезеных куч смецця, паламаных старых лавак і сцяжынак з лужынамі і граззю.


Дзеля інтарэса пацікаўлюся ў жанчын, ці ведаюць яны, колькі грошай уклалі ў “мадэрнізацыю” Маладзечна. На што чую: “Ведаем, што шмат, але колькі — нам ніхто не казаў”. А з’яўленне новай “скульптурнай кампазіцыі” з фантанам, што заняла месца валуна “Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі” на плошчы, каментуюць так: “Нічога сабе”.

Акрамя Цэнтральнай плошчы, выкладзенай прыгожай пліткай, давялі да ладу галоўныя дарогі і пафарбавалі фасады дамоў, што ўздоўж гэтых дарог стаяць. Вось толькі за гэтай прыгажосцю самі жыхары заўважаюць шмат недапрацовак. Нават вышукваць іх не давялося — бабуля Валянціна сама падыходзіць, здагадаўшыся, што перад ёй журналіст.
Бабуля Валянціна: “Вось у нас балконы гэтыя — мы ўвесь час просім, каб хаця б парэнчы замянілі ды пафарбавалі. Яны так ўжо ўсе пагнілі! І куты цякуць у пад’ездах. Так што хай пераробяць гэты дом па Машэрава, 25! А балота (у двары ўпрыгожанага дома — Еўрарадыё), вы ж бачыце! Тут жа дзеці гуляюць — жах, што робіцца! Ну нічога талкова не зрабілі!”

Фасады дамоў па вуліцы Машэрава. І іх заднія двары...


Сама вуліца Машэрава і галоўны праспект Маладзечна Вялікі Гасцінец выкладзеныя новым асфальтам. Але ўжо побач дарогі палохаюць ямінамі ды вялікімі лужынамі. У адной з іх на маіх вачах ледзь не патануў “Мэрсэдэс”. Прынамсі, такое было ўражанне, калі машына пераязджала праз лужыну побач з Палацам культуры.

Галоўная разыначка будучых “Дажынак” — Лядовы палац, што мусяць здаць да пачатку свята. І генеральны дырэктар салігорскага Будтрэста №3 Мікалай Ашэйчык упэўнівае, што не толькі аб’ект здадуць да 30 верасня, але і на лёд у гэты дзень выйдуць першыя наведвальнікі палаца.

Мікалай Ашэйчык: “Я ўпэўнены, што працэс гэты адбудзецца (выхад на першы лёд — Еўрарадыё) падчас святкавання. Хто выйдзе пагуляць: дзеці альбо дарослыя — гэта не па нашай частцы, а вот тое, што лёд будзе гатовы, — гэта па нашай частцы”.
Людзей на будаўніцтве Палаца працуе столькі, што па калідорах цяжка прайсці! У жанчын, што фарбавалі сцены ў холе, вырашыў пацікавіцца заробкамі.
Будаўнікі: “Ну, можа, два мільёны атрымліваем. Калі з усімі выходнымі, людзі ў суботы выходзілі — то, можа тры мільёны”.
Жывуць будаўнікі з Салігорска ў Мінску — іх штодня прывозяць са сталіцы. І прызналі
добраахвотна яны б на гэтую працу не паехалі б.
Будаўнікі: “Якія добраахвотнікі?! Хто б мяне прымусіў добраахвотна ехаць сюды?! Кідаць сям’ю, кідаць дом і ехаць у Маладзечна рабіць палац? Смешна каму сказаць! Дзіцё ў школу пайшло — перажываеш, як і што там”.
Цікаўлюся, ці падабаецца жыхарам Салігорска, як стала выглядаць Маладзечна, а ў адказ чую: “Ды мы ў гэтым горадзе бачылі толькі сваю будаўнічую пляцоўку і краму насупраць!”

Што тычыцца самога факту будаўніцтва ў 100-тысячным горадзе Лядовага палаца, то меркаванні на гэты конт розныя. Гендырэктар салігорскага будтрэста Мікалай Ашэйчык лічыць, што палац патрэбны, але яго маштабы — лядовая пляцоўка, басейн на 25 метраў, міні-аквапарк, разлічаныя на перспектыву, калі насельніцтва горада вырасце. А вось мае суразмоўцы Марыя Іванаўна і Ганна Раманаўна выказваюцца на гэты конт асцярожна.
Ганна Раманаўна: “Можа, і патрэбны Лядовы палац. Але каб там былі даступныя кошты. Каб нашы ўнукі нечым займаліся, каб адцягвалі ўвагу ад вуліцы, ад інтэрнэту. Пытанне спрэчнае (неабходнасць гораду Лядовага палаца — Еўрарадыё), але калі гэта будзе добра і танна, то, можа, і патрэбна”.
Сама ж моладзь, школьнікі, якіх я сустрэў непадалёк ад будоўлі, выказваюцца “за” гэты будынак. І адначасова дзеляцца прэтэнзіямі наконт добраўпарадкавання горада.
Еўрарадыё: “Лядовы палац гэты вам патрэбны?”
Хлопцы: “Патрэбны!”
Еўрарадыё: “Будзеце хакеем там займацца?”
Хлопцы: “Будзем!”
Еўрарадыё: “Ці да ўсяго горада дайшлі ў будаўнікоў рукі?”
Хлопцы: “Не”.
Еўрарадыё: “І што вы хочаце, каб дарабілі?”
Хлопцы: “Дарогі, Лядовы палац нарэшце дарабілі, атракцыёны паставілі ў парку, дваровыя пляцоўкі зрабілі нармальна”.
На тое, што горад паспеюць падрыхтаваць да “Дажынак”, спадзяюцца ўсе. А кіраўніцтва штотыдзень збірае адмысловы штаб, на які абавязкова прыязджае кіраўнік вобласці Батура. Апроч чыноўнікаў і будаўнікоў, на пасяджэнне штаба запрашаюць мясцовых прадпрымальнікаў, там кожны раз прысутнічаюць прадстаўнікі пракуратуры, дзяржкантролю і, чамусьці, КДБ.

Фасад пешаходнай вуліцы і яе "заднія двары"...


Паводле словаў прадпрымальніка Мікалая, што мае ў горадзе некалькі крам і якога ўжо тройчы запрашалі на такія сходы, грошы з іх на падрыхтоўку да свята не цягнуць. Але катэгарычна патрабуюць навесці парадак на тэрыторыі ля сваіх аб’ектаў.
Такі падрыхтоўчы аўрал нават быў прадпрымальніку карысны. Мікалай кажа, што пабудаваў новую краму на ўездзе ў горад з боку Мінска. Але прыбраць будаўнічую агароджу, правесці асвятленне і сігналізацыю да будынка не можа, бо “Маладзечанскія элекрасеткі” не падключаюць яго да падстанцыі. Паставілі ўмову: за свае сродкі гэтую падстанцыю — уласнасць, дарэчы, электрасетак — адрамантаваць. Што абыйшлося б прадпрымальніку не менш як у 70 мільёнаў рублёў.
Мікалай: “Я сказаў кіраўніку райвыканкама, што выкінуць 70 мільёнаў за тое, каб нас падключылі да падстанцыі, я не магу. І тады ён правёў размову з “Электрасеткамі” і нам гэтую ўмову падключэння скасавалі і падключылі без усялякіх умоў. Мы матэрыяльна не пацярпелі, але я думаю, што калі б не было “Дажынак”, нас бы без выканання гэтай умовы не падключылі”.
Нешта робіцца не толькі ў цэнтры горада, але і бліжэй да ўскрайкаў. Праўда, не ўсё калісьці запланаванае выканаюць — не хапае грошай. Да прыкладу, вуліцу Радашковіцкую хоць і абяцалі, але так да ладу гэтым разам і не давядуць.


У старым горадзе сустракаю былога інжынера-канструктара завода “Спадарожнік” Васіля Макуцэвіча. Завод фактычна не працуе, інжынер на пенсіі. Чалавек адукаваны, скептычна выказваецца наконт саміх “Дажынак” у такі час.
Васіль Макуцэвіч: “Можна б з гэтым было пацярпець. А больш надзённыя праблемы, якія больш за ўсё хвалююць, — тыя ў першую чаргу вырашаць. Навошта ў пясок грошы закапваць? А надзённых праблем шмат. Моладзь у галечы пакутуе. Вось мая дачка ў Маскву з’ехала: крэдыт трэба выплочваць, у дарах крэдыт бралі з зяцем, і ў Маскве зараз вымушаны працаваць, каб выплаціць крэдыт”.

Горад пакінуў неадназначнае ўражанне. З аднаго боку, вельмі радасна, што нарэшце будзе шмат зроблена па добраўпарадкаванні і ўпрыгожанні, што змяняецца выгляд плошчаў і вуліц. Але хочацца, каб усё даводзілася да лагічнага завяршэння. Каб побач з заасфальтаванымі не было дарог, дзе машына можа патануць ці разбіць падвеску, каб жыхары адрамантаваных дамоў не скардзіліся на якасць рамонту. Каб фантаны працавалі, а не стаялі без вады — як на Прывакзальнай плошчы.

І каб самі маладзечанцы не кралі завушніцы ў бронзавай дзяўчына ля чыгуначнага вакзала ды катамараны з возера.

"Задні двор" Цэнтральнай бібліятэкі

І жылога дома на плошчы Свабоды

Фота: Змітра Лукашука