Ерэванскі фатограф зняў фільм пра музычны андэграўнд Беларусі
Стужка стала часткай праекту расійскага інтэрнет-парталу lenta.ru
Вядомы ерэванскі фатограф Карэн Мірзаян зняў фільм-замалёўку пра беларускі музычны андэграўнд “Песні вольнай Беларусі”. У галоўных ролях 12-хвіліннага фільма - прадзюсар Аляксандр Багданаў(Papa Bo) і музычны журналіст Зміцер Падбярэзскі, якія робяць экскурс у гісторыю айчыннага андэграўнду і знаёмяць гледача з сучаснымі героямі беларускай альтэрнатыўнай сцэны. У выніку ў кадры ўзнікаюць Лявон Вольскі з песняй, прысвечанай Міхалку, RokerJoker, Рэха, праект Ы.Ы.Ы. падчас рэпетыцый і канцэрт Вінсэнта. Праўда, дзеліцца ўражаннямі з Еўрарадыё Аляксандр Багданаў, фільм не дае поўнага ўяўлення пра асаблівасці андэграўнднага руху Беларусі.
Аляксандр Багданаў: “Па карцінцы мне вельмі спадабалася. А па змястоўнай частцы... Былі перададзеныя агульныя ўражанні пра тое, што адбываецца. Але агульную сітуацыю чалавек, які ніфіга пра гэта не ведае, не зразумее”.
Фільм “Андэграўнд. Песні вольнай Беларусі” з’яўляецца часткай праекту “Страна, которой больше нет”, які робіць партал lenta.ru і які прысвечаны 20-годдзю распаду СССР. Сутнасць праекта заключаецца ў тым, што ў краіны былога саюзу засылаецца фатограф ці журналіст. Цягам некалькіх дзён ён спрабуе правесці паралелі паміж жыццём тады і жыццём зараз у пэўным яго аспекце.
Фота: www.strana.lenta.ru