Дзве тысячы мінскіх пенсіянераў адмовіліся ад пенсіі
Еўрарадыё вырашыла знайсці мінчанку, якая працавала 19 гадоў пасля выхаду на пенсію і цяпер атрымлівае шалёныя грошы — 7,5 мільёнаў.
З выгляду гэта байка падобная на рэкламу новай сістэмы налічэння пенсіі, што дзейнічае з 1 кастрычніка. Па новай сістэме гэта выглядае так: калі пенсіянер адмаўляецца ад пенсіі, за першы год пратэрміноўкі налічваецца 6% звыш пенсіі, за наступны — 8%, за трэці год — 10%, за чацвёрты – 12% і за пяты і наступныя — 14%. Усе гэтыя працэнты сумуюцца і праз пяць гадоў існуе магчымасць павысіць пенсію на 50%! Усе наступныя гады да ўжо павялічанай пенсіі дадаецца яшчэ 14%. Адсюль у гэтай пенсіянеркі і 7,5 мільёнаў.
У Камітэце па працы і занятасці Мінгарвыканкама назваць імя самая заможнай пенсіянеркі краіны... не могуць!
“Вы ж разумееце, што гэта мэта для тых жа злачынных элементаў, пачакаць яе каля пошты!”
На пытанне аб тым, што, можа, гэта міфічная пенсіянерка, чыноўнікі запэўніваюць Еўрарадыё, што жанчына такая сапраўды ёсць, і яна нават не чыноўнік…
“Не з Мінгарвыканкама, ёсць людзі з прафесарска-выкладчыцкага складу, ёсць людзі, якія працавалі на высокіх пасадах у камерцыйных арганізацыях. Сярод тых, хто атрымлівае вялікую пенсію, чалавек дзесяць”.
Як даведалася Еўрарадыё, у Мінску больш за 434 тысяч пенсіянераў, з іх каля 2 тысяч адмовіліся ад пенсіі.
Але каб атрымаць пенсію з пералікам ў 7,5 мільёнаў, трэба мець вельмі высокі заробак! У Мінгарвыканкаме прызнаюцца, што каэфіцыент, які ўплывае на памер пенсіі, у мегапенсіянеркі быў ўсяго 0.87. Напрыклад, з заробкам у 2 мільёны рублёў каэфіцыент налічэння пенсіі толькі 0,5. Гэта значыць, пенсіянерка атрымлівала заробак меншы за сярэдні па краіне. І пры гэтым жанчына адмаўлялася ад пенсіі? На што тады яна жыла?!
У Мінгарвыканкаме выпраўляюць:
“За 19 гадоў набегла па новай сістэме 246%, плюс тыя 6%, якія налічваюцца пенсіянерам за адмову ад пенсіі з 1998 года”.
Калі сярэдняя пенсія цяпер — паўтара мільёна, дык толькі праз пяць гадоў яна павялічыцца на палову. Але які шанец дажыць да гэтага!
Звернемся да нашай мегапенсіянеркі не з Мінгарвыканкама. Няхітрыя падлікі прыводзяць да высновы, што жанчына пачала атрымліваць пенсію ў лепшым выпадку ў 74 гады. За год яны атрымае прыкладна 90 мільёнаў рублёў. Толькі за апошнія пяць гадоў жанчына адмовілася ад тых самых 90 мільёнаў пенсіі. Па статыстыцы сярэдняя працягласць жыцця ў Беларусі 76 гадоў. Далей лічыце самі…
У камітэце сацыяльнай абароны Заводскага раёна папярэджваюць, што пераход на адмову ад пенсіі павінен быць вельмі прадуманы.
“Калі адмовіцеся ад пенсіі, вам жа яе ніхто вяртаць не будзе! Падлічыце, колькі страціце! Адзінае, што можаце зрабіць — напісаць заяву на пенсію, а потым адмовіцца ад яе і ўжо адмовіцца ад гэтай адмовы. Тады вам выплацяць тую пенсію, якую прызначылі першапачаткова — без пералікаў, без індэксацыі, без інфляцыі, без нічога. Звычайна на новую сістэму пераходзяць тыя, хто мае вельмі вялікі заробак і можа абысціся без яе”.
А цяпер загадка — хто ў Беларусі атрымлівае такі заробак, каб абысціся без пенсіі?