Дзе на “Дынама” з’явілася расліннасць і ці можа абваліцца адна з “трыбун”?
Сядзенні на стадыёне ўжо адслужылі двайны тэрмін. Ці правядуць венгры рэканструкцыю пасля крытыкі Лукашэнкі?
Першапачаткова венгры з Graboplan ацанілі рэканструкцыю “Дынама” ў 144,8 мільёна еўра. Досвед у рэальных падліках кампанія мае: будавалі найноўшыя стадыёны для каманд Бундэслігі і пад “Еўра-2012”.
Але днямі кіраўнік дзяржавы выказаўся, што недапушчальна дагэтуль зацягваць размовы пра фінансаванне і спосабы рэканструкцыі.
Няўжо ад супрацоўніцтва з венграмі адмовіліся?
Тэлефануем у галоўны офіс кампаніі Graboplan і цікавімся, ці працягнецца супрацоўніцтва з Беларуссю. Нас звязваюць з кантактнай асобай (імя і прозвішча асобы не называем).
“Пакуль каментаваць нічога не можам. Канкрэтыкі няма. Гэта было для нас нечакана. Мы як працавалі, так і працягваем працаваць. У прынцыпе, у адрас кампаніі нічога дрэннага не прагучала. А тое, што разглядаюцца розныя варыянты, гэта нармальна. Сітуацыя не крытычная. Спадзяемся, што ў бліжэйшыя дні пытанне вырашыцца”.
Доўгімі гадамі пытанне рэканструкцыі “Дынама” не лічылася актуальным. Хакейныя палацы будаваліся, а футбольная зборная і БАТЭ гулялі, дзе атрымлівалася. Заўзятары з замежжа атрымлівалі апошнюю магчымасць перанесціся пры дапамозе “Дынама” ў мінулае стагоддзе: савецкае табло, з вясёлай “пыскай” і надпісам “Гол”, бегавыя дарожкі, адкрытае неба і адсутнасць кавярняў… ФІФА дазваляла гуляць тут міжнародныя матчы насуперак сваім інструкцыям.
Цяпер жа рэканструкцыю “Дынама” называюць “галоўнай будоўляй”. Прэзідэнт, крытыкуючы тэмпы, усыпаў і Мінгарвыканкаму, і кіраўніцтву стадыёна: “Цяжка было зайсці на стадыён і паглядзець, што там бярозкі растуць? Там, дзе людзі павінны сядзець?” Кіраўнік Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Якабсон выказаўся, што стан некаторых трыбун пагражае бяспецы людзей:
“Прэзідэнт правільна азначыў тэму. Стадыён “Дынама” ён даручыў 15 гадоў таму рэканструяваць. На жаль, яго гэта даручэнне дагэтуль не выкананае, ― пагаджаецца з крытыкай дырэктар стадыёна “Дынама” Юрый Крывадубскі. ― Была спроба зрабіць гэта ў 1997-2000-ым гадах, але яна не была даведзеная да лагічнага выніку. І мы маем тое, што маем. У Рэспубліцы няма стадыёна 4-й катэгорыі. І зборнай у наступным годзе трэба думаць, дзе гуляць”.
Еўрарадыё: Трыбуны сапраўды пагражаюць бяспецы заўзятараў?
Юрый Крывадубскі: Гэта тычыцца больш “брыля”, які не задзейнічаны больш за дзесяць гадоў. Асабліва на ім не прыбіралі. Была расліннасць падчас наведвання Дзяржкантролю. Адмаўляць я не буду. Але што тычыцца пагрозы жыццю людзей: гэтага б мы не дапусцілі. Таму на гэты брыль гледачоў і не пускаюць. Яго стан незадавальняючы, ён патрабуе ўмацавання і рамонту.
Сядзенні таксама выпрацавалі два тэрміны, разумееце. І на іх сапсаваўся абаронны слой пластыку. Таму сядзенні мажуць, вопратку, на жаль. Таму і БАТЭ і мы прадпрымалі раней меры: раздавалі падчас гульняў пластыкавыя пакеты.
Трыбуна "брыль"
Еўрарадыё: Рэканструкцыя стадыёна сапраўды пачалася шостага лістапада? Прэзідэнт жа сказаў, каб заўтра ж…
Юрый Крывадубскі: Заўтра ― гэта ў тым плане, што нельга адкладаць на потым. Цяпер вядуцца работы, робіцца праектаванне па падрыхтоўцы дэмантажу. Нават для таго, каб разабраць непатрэбныя ў будучыні канструкцыі, неабходны праект, які пройдзе пэўныя стадыі.
Сядзенні на "Дынама" выпрацавалі два тэрміны, таму яны мажуць вопратку
Плануецца, што БАТЭ зможа дагуляць на “Дынама” лігачэмпіёнскую кваліфікацыю. А далей…
Як Еўрарадыё раней паведамілі у Беларускай федэрацыі футбола, у нашай краіне функцыянуюць і іншыя стадыёны трэцяй катэгорыі, напрыклад, у Гомелі. Фактычна, ад сучаснага “Дынама” яны многім не адрозніваюцца. Хутчэй за ўсё, матчы БАТЭ ў еўракубках, калі клуб пройдзе кваліфікацыю, і гульні зборнай будуць праходзіць на гэтых рэгіянальных арэнах.
Расліннасць і галубы на бетонным надпісе "Дынама"
Гумовыя дарожкі на стадыёне вырываюцца цэлымі латкамі
Трэніровачная пляцоўка ля стадыёна
Дзеці з дынамаўскай школы трэніруюцца на асфальце