Дыплом Гарварда ў Беларусі могуць пацвярджаць да году

120531 Martin Dyplom.mp3

“Калі добры спецыяліст прыехаў з-за мяжы, якая розніца, які ў яго дыплом”, - кажа на сустрэчы з таленавітай моладдзю Аляксандр Лукашэнка.

Еўрарадыё спрабуе пацвердзіць у Беларусі дыплом, напрыклад, магістра Варшаўскага ўніверсітэта.

“Вы робіце натарыяльна завераны пераклад дыплома і дадатку да дыплома. Вы проста здымаеце ксеракопію, а да ксеракопіі прышываецца пераклад завераны ў натарыуса. І копія пашпарта. І дакументы адносіце ў Мінадукацыі. Потым чакаеце. Мы разглядаем дакументы, калі трэба, пішам у Польшчу”, - расказваюць у Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы.


Чакаць можна... да года! Цікава, а калі мне для працы трэба, і без дыплома не бяруць… год не працаваць!? Зніжкі няма нават для дыпломаў Гарварда і Кембрыджа. З імі яшчэ складаней.

“Для Вялікабрытаніі трэба будзе легалізацыя дакументаў. Трэба будзе паставіць апастыль дакументаў на дыпломе і дадатку”, - тлумачаць у Інстытуце вышэйшай школы.

То бок Кембрыджскі дыплом трэба заверыць. А пасля камісія будзе параўноўваць яго на… адпаведнасць беларускай праграме.

“У нас няма асаблівага стаўлення да нейкай ВНУ. Бярэцца праграма вашай ВНУ, і яе параўноўваюць з нашымі стандартамі”, - кажуць у РІВШы.


Дыплом беларускага ЕГУ ў Вільні таксама трэба ўзгадняць. Бо дамовы паміж Літвой і Беларуссю па дыпломах няма. А калі дыплом не пацвердзяць, то адправяць давучыцца ў беларускі ўніверсітэт.

“Калі вырашаць, што дыплом не адпавядае нашаму. Будзе рэкамендацыя працягнуць вучобу. Пойдзеце ў беларускую ВНУ, дзе вашу праграму параўнаюць з яго праграмай і скажуць, што трэба пераздаць”, - гавораць у Інстытуце кантролю ведаў.

Цікава, ці папросяць даздаць “Ідэалогію беларускай дзяржавы”?

“У нас спрабуюць састыкаваць тэрміны навучання за мяжой і дысцыпліны, які вы праходзілі з нашымі. Загадзя прызнаецца, што наша сістэма адукацыі лепш, за іншую”, - расказвае эксперт агенцтва гуманітарных тэхналогіяў Святлана Мацкевіч.

З-за валакіты спецыялісты не ідуць пацвярджаць свае замежныя дыпломы. Бо прыватныя фірмы, бяруць іх на працу і так.

“Бо працадаўцу, асабліва прыватніку, прасцей закрыць на гэта вочы. Яму важны не дыплом, а спецыяліст. А ў дзяржаўным сектары больш строга. Спецыялісту з замежнай адукацыяй складана знайсці працу ў дзяржаўным сектары, дзе гэтыя спецыялісты патрэбныя”, - кажа Святлана Мацкевіч.

Наступным разам паспрабуем падаць дакументы выпускніка польскай магістратуры на пацвярджэнне ў Мінадукацыі. Ці дадуць дабро на працу ў беларускай ВНУ?

Фота: prousa.ru