Як я спрабавала прагаласаваць незаконна

120924_savi4_karusel.mp3

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына катэгарычна абвяргае магчымасць выбарчай каруселі ў Беларусі, маўляў, пры мажарытарнай сістэме такое немагчыма.


Прадстаўнік руху “За свабоду” Юры Меляшкевіч распавядае Еўрарадыё, што, магчыма, бачыў “карусельшчыкаў”:


“Відавочна, карусельшчыкаў праводзілі па дадатовых спісах. Падсаджваецеся да старшыні, які ведае, што вы карусельшчык. Ён запісвае вас у дадатковы спіс і дае бюлетэнь. Для ўсіх гэта выглядае натуральна. Праверыць гэта можна, калі атрымаць доступ да гэтых спісаў”.


“Падсесці” да старшыні камісіі карэспандэнт Еўрарадыё паспрабавала на асабістым вопыце.


На выбары я не магла паехаць дамоў, дзе прапісаная. Адна дарога — выбарчыя участкі сталіцы.


На  першым жа выбарчым участку у Фрунзенскім раёне камісія літаральна вітаецца хорам:


“Дзень добры, вы, напэўна, на выбары? А пачакайце крышачку. Вы з якой вуліцы?”.


Амаль з парога пачынаю сваю “гісторыю”: прыехала да хлопца, прагаласаваць дома не магу. Дайце ў вас!


Мну ў руках пашпарт, на твары — наіўная ўсмешка, надзея і вера ў тое, што без майго голасу выбары проста не адбудуцца! Выглядаю так натуральна, што старшыня камісіі пачынае перажываць разам са мной. Калі цягнецца за маім пашпартам, я амаль упэўненая ў поспеху….


“А чаму вы не прагаласавалі датэрмінова? Не прагаласавалі, ну і ладна. Не паспееце — не прагаласуеце. Прабачце, не перажывайце, ўсё роўна не ўсе прыйдуць на выбары. Не прагаласавалі, значыць, прагаласуеце наступным разам”.


Астатнія члены камісіі ў адзін голас просяць прабачэння, але бачна, што ад мяне ненармальнай ім хочацца хутчэй пазбавіцца.


У будынку сярэдняй школы на вуліцы Данілы Сердзіча адразу пяць датэрміновых участкаў — на некалькі вуліц.


“Калі вы тут не зарэгістраваны, нават калі жывяце ў Мінску, то галасаваць вам нельга. Трэба браць адмацаванне там, дзе вы жывяце і галасаваць тут”.

На іншых ўчастках — такі ж адказ. Галасаваць толькі за сваіх кандыдатаў, якія я не бачыла ў вочы.


Мой датэрміновы голас непатрэбны. Усе (!) кіруюцца Выбарчым кодэксам.


Дарэчы, досвед галасавання не па месцы рэгістрацыі, прызнаюся, ў мяне ўжо быў — на мінулых парламенцкіх выбараў ў  Баранавічах. Прагаласаваўшы дома датэрмінова, вырашыла праверыць, ці можна яшчэ раз без рэгістрацыі ды на іншай акрузе. Члены камісіі ў Баранавічах дазволілі гэта зрабіць і нават унеслі ў дадатковы спіс. Але перазванілі ў маю акругу, потым мне на мабільны і патлумачылі, чаму так рабіць нельга. Бюлетэнь паабяцалі скасаваць…


Старшыня камісіі № 382 Заходняй акругі № 102 Таццяна Кажэўнікава гаворыць, што спробы прагаласаваць не па месцы жыхарства здараюцца:


“Я чула, што на іншых участках прыходзілі людзі без рэгістрацыі і прасілі прагаласаваць. Натуральна, ім адмаўлялі! Гэта ж падсудная справа”.


З іншага боку, па меркаванні незалежнай назіральніцы Веранікі Арэшка ніякай каруселі ў Беларусі і не трэба:


“Былі выбаршчыкі, якія галасавалі ад прадпрыемства. Дзе гарантыя, што яны не галасавалі па месцы прапіскі ці месцы вучобы?”