Ці дапаможа золата Грышына пабудаваць Цэнтр фрыстайлу ў Мінску?

Як даведалася Еўрарадыё, будаўніцтва навучальна-трэніровачнага Цэнтра па фрыстайле ў Мінску можа распачацца ўжо гэтай вясной. Адпаведны праект указа прэзідэнта знаходзіцца на падпісанні ў Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы. Пра гэта паведаміў вядучы юрысконсульт Дырэкцыі аб’ектаў, якія будуюцца, Міністэрства спорту і турызму Юрый Малышкін.

Юрый Малышкін:
“Там зараз некалькі пытанняў разглядаецца: вызначэнне генпадрадчыка, непасрэдна будаўнічай арганізацыі, якая будзе гэта рабіць. У нас у краіне альбо з дапамогай тэндэру, альбо нарматыўным актам генпадрадчык вызначаецца. Ну, і некаторыя пытанні па фінансаванні: моманты з крэдытам агаворваюцца. Гэта, напэўна, галоўнае пытанне, якога мы чакаем”.

Нагадаем, што ўпершыню пра планы будаўніцтва Цэнтра па фрыстайле пачалі казаць у 2005 годзе. І месца вызначылі — на тэрыторыі спартова-аздараўленчага комплексу “Алімпійскі” па вуліцы Сурганава ў Мінску. На тым месцы нават адкрыты басейн дэмантавалі. А архітэктары інстытута “Белпрампраект” распрацавалі праект будучага цэнтра. На пэўны час справа стала, але 18 лістапада 2008 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб будаўніцтве аб’екта. Паведамлялася, што генпадрадчыкам абралі турэцкую фірму “Гюнай Іншаат Лімітэд Шыркеці”. Хаця ўжо тады, ў 2008 годзе, пачаліся размовы пра складанасці з фінансаваннем, і тэрміны ўводу аб’екта ў эксплуатацыю перанеслі на 2009 год.





Як бачна, зараз ізноў паўсталі пытанні з вызначэннем генпадрадчыка. Але як паведаміў Еўрарадыё Андрэй Петрушэня, супрацоўнік апарата памочніка прэзідэнта па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму Ігара Заічкова, праект указа прэзідэнта, датычны будаўніцтва цэнтра, ужо “на выхадзе” і будаўніцтва пачнецца праз некалькі месяцаў.

Андрэй Петрушэня: “Нарматыўны дакумент “на выхадзе”. Хутка будзе падпісаны і пачне будаўніцтва далей”.

Паводле яго словаў, будаўніцтва пачалося б нават і без золата Аляксея Грышына. Зараз толькі канчаткова вырашаецца пытанне з інвестарам.

Андрэй Петрушэня: “Будаўніцтва троху прыпынена, бо там інвестары не зусім патрэбным чынам выконвалі свае абавязкі. Дадзена была каманда разабрацца з імі — разабраліся. Інвестары зноў просяцца”.

Вось толькі што гэта за інвестар, ён сказаць адмовіўся. Як і не ўдакладніў, калі праект указа пра будаўніцтва цэнтра будзе падпісаны. Маўляў, зараз з ім працуюць у Саўміне і ў Адміністрацыі прэзідэнта.

Плануецца, што будаваць будзе паводле распрацаванага яшчэ ў 2006 годзе праекту “Белпрампраект”. Як расказаў Еўрарадыё адзін з яго аўтараў Уладзімір Надудзік, адмаўляцца ад іх праекта было б проста глупствам — у яго распрацоўку ўжо ўкладзеныя вялікія грошы.



Уладзімір Надудзік: “Мы ж распрацавалі цалкам архітэктурны праект і больш чым напалову распрацавалі будаўнічы праект. Тут ужо вельмі шмат грошай патрачана”.

Ды і штосьці мяняць, кажа, няма ніякага сэнсу — праект не састарэў за 4 гады.

Уладзімір Надудзік: “Горкі для фрыстайлу, самі трампліны — яны застаюцца нязменнымі. Трамплін плюс басейн, куды прызямляецца фрыстайліст, водны фрыстайл. А для таго, каб гэта было не зусім затратна для бюджэту, каб цэнтр хоць троху акупляў сам сябе, вакол Цэнтра фрыстайла размясцілі аздараўленчыя памяшканні, якія дадуць нейкую частку акупляльнасці для бясплатнага навучання дзяцей фрыстайлу”.



Папярэдні кошт цэнтра — 32 мільёны долараў. Але зараз, кажа юрысконсульт Дырэкцыі Юрый Малышкін, ён трошкі павялічыцца ў сувязі з тым, што падатак на дадатковую вартасць вырас з 18 да 20%. Колькі гэта дакладна — пакуль не падлічвалі.

Еўрарадыё адправілася на месца будучага Цэнтра па фрыстайле. Яшчэ летась пляцоўка з катлаванам была абнесеная плотам, на якім красаваўся надпіс аб будаўніцтве комплексу. На сёння плот прыбралі, застаўся толькі катлаван. У адміністрацыі спартова-аздараўленчага комплексу “Алімпійскі”, на чыёй тэрыторыі і размесціцца цэнтр, нічога пра аднаўленне будаўніцтва не ведаюць. Прынамсі, для намесніцы генеральнага дырэктара Ларысы Поваравай гэта стала навіной. А галоўны інжынер Васіль Роўда прызнаўся, што яны аддалі кавалак сваёй зямлі Мінспорту і больш ніякага дачынення да будаўніцтва не маюць.

Васіль Роўда: “Мы да гэтага аб’екту на сённяшні дзень не маем ніякага дачынення. Згодна з пастановай Мінгарвыканкама, зямля гэтая зараз належыць Міністэрству спорту і турызму. І на момант будаўніцтва цэнтр ніякіх адносінаў да нас не будзе мець”.



Ці будзе гэты аб’ект “мець дачыненне” да комплексу “Алімпійскі” пасля збудавання, галоўны інжынер не ведае. Але, адзначае, добра, каб яго перадалі на іх баланс. Найперш з-за таго, што акрамя саміх трамплінаў для фрыстайлістаў там будзе аквапарк. А гэта — магчымасць зарабіць дадатковыя грошы.




Фота: Змітра Лукашука і з http://darriuss.livejournal.com/414886.html

Таксама глядзі па тэме:

Купалаўскі будуць рэстаўраваць з дапамогай метрабудаўцаў