Брэсцкі абласны суд не задаволіў скаргі аштрафаваных "маўчуноў"
12 брэстаўчан, затрыманых падчас акцыі 29 чэрвеня, усё яшчэ павінны выплаціць штрафы — ад 140 да 525 тысяч.
Як паведаміў Еўрарадыё праваабаронца Раман Кісляк, у скаргах падрабязна ўказваліся шматлікая працэсуальныя парушэнні, якія адбываліся ў судзе. Напрыклад, сведкі-міліцыянты ўвесь час прысутнічалі ў зале, хоць мусілі там знаходзіцца толькі пры дачы паказанняў. Таксама ў пастановах суддзяў было напісана, што да справаў нібыта былі далучаныя відэаматэрыялы з акцыі, якіх насамрэч зусім не было.
"Маладыя людзі выказалі жаданне надалей адстойваць сваю пазіцыю, і будуць абскарджваць свае пастановы ў наступнай інстанцыі — Вярхоўным судзе", — таксама дадаў праваабаронца.
Нагадаем, што 29 чэрвеня адбылася адна з найбуйнейшых "маўклівых акцыяў” у Брэсце. У ёй прынялі ўдзел каля 700 чалавек. Падчас шэсця па галоўных вуліцах гораду было затрымана 75 чалавек. У Ленінскім РАУСе на 50 з іх склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.