"Белавія" вывозіць з Варшавы напалоханых расійскіх заўзятараў
Беларуская авіякампанія пайшла насустрач расійскім футбольным заўзятарам, якія пажадалі экстрана пакінуць Польшчу.
Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміў намеснік гендырэктара "Белавія" Ігар Чаргінец. Па яго словах, экстрана вяртаюцца не ўсе расійскія фанаты, а толькі частка іх.
Для расіянаў не рабілі спецыяльны рэйс. Ім проста перанеслі дату адлёту на больш раннюю. Ніякіх фінансавых стратаў ад гэтага "Белавія" не зазнае, кажа Чаргінец.
Нагадаем, 12 чэрвеня, у дзень матчу паміж зборнымі Польшчы і Расіі, у Варшаве адбылося некалькі сутычак паміж заўзятарамі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, да, падчас і пасля матчу былі затрыманы 184 чалавекі, 156 з іх — палякі, большасць астатніх — расіяне. Суд Варшавы ўжо вынес першыя прысуды: восем грамадзян Польшчы аштрафаваныя на 500 злотых кожны (150 долараў) або асуджаныя на ўмоўнае турэмнае зняволенне ад 3 да 12 месяцаў.
Фота — gadu-gadu.pl