Беларусы апранаюцца ў любімую вопратку прэзідэнта

У краме вопраткі Carneliani ажыятаж — пакупнікі скупляюць касцюмы і паліто, коштам па 5-7 мільёнаў. Прычым часам бяруць па некалькі штук за раз. Рэч у тым, кажа супрацоўніца крамы Наталля, што касцюмы коштам па 1000-1200 долараў прадаюцца з разліку 3 тысячы беларускіх рублёў за 1 долар. І пераацэнка тавару з улікам новага курса долара не праводзілася.

Наталля: “Вось гэты касцюм 5 494 500 і вось такі светлы застаўся ён каштуе 6 574 500. Сёння ў нас увогуле аўрал быў – палову крамы скупілі!”

Еўрарадыё: “Ну, дык любімая ж марка прэзідэнта!”

Наталля: “Дакладна! Вы маеце рацыю!”

У кожным такім дарагім буціку працуе свая швачка, якая “падганяе” набытую рэч пад пакупніка. Робіцца гэта звычайна хутка і бясплатна. Але зараз падшыць набытыя штаны хутка не атрымаецца, кажа прадавачка: чарга.

Наталля: “У нашай швачкі працы на два тыдні наперад. У нас вось па 7-10 касцюмаў набывалі і вось яны чакаюць чаргі. У мяне цяпер працы для яе вісіць, напэўна, штук 30 касцюмаў, некалькі паліто, штаноў. Я не ведаю, як яна справіцца”.

Еўрарадыё: “І скупляюць так з-за таго, што кошты “нізкія” такія?”

Наталля: “Безумоўна!”

Еўрарадыё: “Нашы скупляюць ці часцей расіяне?”

Наталля: “Нашы, у асноўным”.




На пытанне, чаму пасля росту курса долара ў краме не праводзілі пераацэнку тавару, супрацоўніца адказала коратка: “Проста не праводзілі”. Затое папярэдзіла, што кошты касцюмаў з новай калекцыі будуць ужо вылічваць, зыходзячы з новага курсу, і танней, чым за 25-30 мільёнаў, не набудзеш.

Іншыя буцікі хоць і прадаюць тавар са зніжкай, але першапачатковы кошт найперш пералічылі наводле новага курсу. Такім чынам, кажа прадавец адной з элітных крам у цэнтры Мінска, калі касцюм каштаваў 800 долараў, то і зараз ён каштуе столькі ж — але па новым курсе.

Прадавец: “Касцюмы ў нас зараз дзесьці па 15-16 мільёнаў, але мінус 50% зніжкі”.

Еўрарадыё: “А яны ад пачатку ў вас былі па 15 мільёнаў?”

Прадавец: “Можа, раней і не было 15 мільёнаў. Проста зараз у краіне курс змяняецца. Калі, да прыкладу, паўгода таму ён каштаваў 800 долараў, то і цяпер ён 800 долараў. Але ў беларускіх рублях кошт будзе большы. Але мы кошты не ўзнімалі гэта курс змяняецца. А 800 долараў застаюцца 800 доларамі”.

Не скардзяцца на адсутнасць пакупнікоў і супрацоўнікі аўтасалона Porshe. Нягледзячы на тое, што прадаюцца гэтыя машыны выключна за валюту і тут на розніцы курса нічога выйграць не атрымаецца. І хаця спецыяліст па продажах Сяргей Сакалоў адмовіўся называць дакладную лічбу прададзеных аўто, але прызнаўся, што лік ідзе не на 1-2.

Сяргей Сакалоў: “Гэта інфармацыя адносіцца да ліку камерцыйнай таямніцы для прадпрыемства. Так ці інакш, аўтамабіляў “уходзіць” не адзінкі не 1, не 2 і не 3. Гэта я вам дакладна скажу. Хоць месяц ад месяца па колькасці прададзеных і адрозніваецца. Але машыны прадаюцца гэта факт”.

Не перасталі з-за крызісу беларусы набываць і ювелірныя вырабы. Як кажа Еўрарадыё Алена, супрацоўніца адной сталічнай ювелірнай крамы, што гандлюе расійскім таварам, набываюць найчасцей сталовыя наборы.

Алена: “Срэбра ў нас заўсёды набываюць і дзяўчаты-студэнткі, і дарослыя дамы. Розныя калекцыі, і даражэй, і танней ёсць. Але часцей набываюць сталовае срэбра у якасці ўкладанняў на будучае. Нягледзячы на тое, што яно, можа быць, і не такое таннае”.

І гэта пры тым, што ні па курсе 3 тысячы за долар, ні па 5 тавару ў іх даўно ўжо няма. Цяпер у краме вылічваюць кошт срэбраных лыжачак па курсе каля 7 тысяч за долар. Але, запэўнівае Алена, гэта не дорага. Бо будзе яшчэ даражэй.

Фота: Змітра Лукашука