Арганізатары паведамілі пра змены ў складзе выступоўцаў фэсту “Камяніца”
Замест гурта “Юр’я” наведвальнікі убачаць “дэструктыўны пажарны аркестр "Гаротніца"".
Астатняя праграма не змянілася — у ёй дэфіле і конкурс нацыянальных строяў, кірмаш народных майстроў, майстар-класы, рыцарскі бой, фотавыставы. У гэтым годзе на фестывалі будуць працаваць дзве музычныя сцэны. На адной з іх выступяць “Ліцвіны”, “Крамбамбуля”, Наста Някрасава і FolkRoll, Гаротніца, Рэ1ikt і расіяне “Іван Купала”. Іншая будзе цалкам аддадзеная аматарскім калектывам. Па словах куратара аматарскай сцэны спявачкі Русі, сярод прэтэндэнтаў на ўдзел у фэсце — ажно 14 дзіцячых калектываў, таксама гурты з розных рэгіёнаў Беларусі і нават Канады. Мастацкі кансультант фестывалю музыка Алег Хаменка мяркуе, што дзякуючы фэсту расце колькасць транслятараў беларускай традыцыі.
Алег Хаменка: “Фестываль “Камяніца” прадстаўляе ў цудоўным асяроддзі музею перадусім транслятараў — тых сучасных транслятараў нацыянальных традыцый, якіх вельмі на сённяшні час багата. Але яны нават самі не разумеюць, што яны сапраўды транслююць беларускасць ці новыя традыцыі — менавіта фальклор у першапачатковым разуменні гэтага слова — сённяшнюю народную мудрасць”.
Фэст працягнецца 9 гадзін — з 12 па 21-ю. Кошты квіткоў — 25 тыс. для дарослых і 12,5 тыс. для школьнікаў. Наведвальнікі ў традыцыйных строях традыцыйна пройдуць на фэст бясплатна.
Генеральным партнёрам фэсту вытупіць ААТ "Банк БелВЭБ"
Фота Сяргея Грабоўскага