Апеляцыйны суд датэрмінова вызваліў аднаго з асуджаных за акцыю 19 снежня

Гарадскі суд 28 снежня прыняў рашэнне па справе асуджанага за ўдзел у акцыі 19 снежня Сяргея Родчанкава. 20 снежня хлопца асудзілі на 12 сутак адміністратыўнага арышту. 

Прысуд быў абскарджаны ў гарадскім судзе 24 снежня. Сярод доказаў таго, што хлопец не прымаў удзел у акцыі, — відэазапісы, сведчанні відавочцаў і раздрукоўкі тэлефанаванняў. 28 снежня суд прыняў рашэнне, каб хлопца вызвалілі з ізалятара, рашэнне раённага суда адмененае. Цяпер справа перададзеная ў раённы суд для новага разгляду. На думку Аляксея Родчанкава, у суддзяў была праблема: яны не маглі апраўдаць, але не маглі і трымаць яго сына.

Родчанкаў: “Адмянілі, але будуць высвятляць абставіны. Яшчэ пэўны час папсуюць людзям нервы. Я, канечне, буду чакаць наступнага суда. Мая пазіцыя — невінаваты па ўсіх пунктах. Пазіцыя заснаваная на фактах”.

19 снежня Сяргей Родчанкаў ехаў з пошты, дзе адсылаў ліст. Хлопца затрымалі, калі той ехаў у машыне па праспекце, кажа бацька Сяргея.

Родчанкаў:
 “Ехалі на машыне з вакзала. Калі машына ДАІ без сірэны пачала падразаць машыну, да аўтамабіля падбяжалі супрацоўнікі спецназу. Яны разбілі шкло і выцягнулі майго сына”.

Цяпер Аляксей Родчанкаў збіраецца падаваць пазоў аб матэрыяльнай шкодзе — за разбітае ў машыне шкло. Таксама Аляксей хоча, каб пакаралі вінаватых у тым, што адбылося.

Родчанкаў: “А хто будзе кампенсаваць шкло, грошы на адваката?.. Будзем разбірацца, пісаць скаргу. І я хачу пакараць вінаватых. Пакараць тых, хто здзейсніў гэта. І калі мы жывем у прававой дзяржаве, то ў поспеху я не сумняюся”. 

Калі адбудзецца перагляд справы Сяргея Родчанкава ў раённым судзе, пакуль невядома.