8 індусаў заплацілі па 8 тысяч еўра, каб патрапіць у ЕС

“Два месяцы яны знаходзіліся тут таму, што два месяцы амбасада Індыі не магла прадставіць на іх дадзеныя. А 16 ліпеня прадстаўнікі індыйскай амбасады асабіста прывозілі дакументы на гэтых 8 індусаў у Брэсцкую памежную групу”, ― каментуе для Еўрарадыё прэс-сакратар памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка.

 

Грамадзянаў Індыі брэсцкія памежнікі затрымалі ў лесе недалёка ад мяжы з Польшчай яшчэ ўночы з 14 на 15 траўня. Па словах прадстаўніка Памежнага камітэта, кожны з індусаў заплаціў за нелегальную перапраўку 8 тысяч еўра! І ў памежнікаў няма сумневаў у тым, хто дапамагаў ім рыхтавацца да пераходу беларуска-польскай мяжы.

 

Аляксандр Цішчанка: “Таварыш Коўш, якога чамусьці пасля затрымання назвалі грамадскім актывістам… Чамусьці ў яго дома, не дзесьці ў іншым месцы, а дома, знайшлі і спісы з гэтымі індусамі, і вяроўкі, з якіх яны плялі канатную дарогу”.

 

Днямі ў інтэрнэце з’явілася відэа, дзе адзін з няўдалых індусаў-нелегалаў распавядае пра катаванні ў беларускім ізалятары. Маўляў, у турме іх білі і не кармілі, а ад яго патрабавалі назваць у якасці памагатага канкрэтнага чалавека і паказаць пальцам на канкрэтны дом. У выніку вязні “зламаліся” і “прызналі” у якасці памагатага Віталя Каўша.

 

Аднак сп. Цішчанка сцвярджае, што гэта не больш, чым спроба апошняга такім чынам зарабіць на яшчэ адну нелегальную вандроўку ў Еўрасаюз.

Фота: www.belta.by.