11 траўня суд адкажа на скаргі "Аўтарадыё"

"Аўтарадыё" падало дзве скаргі на рашэнні Вышэйшага гаспадарчага суда. Першая скарга тычыцца рашэння пра сапраўднасць папярэджання Міністэрства інфармацыі, другая -  рашэння аб закрыцці  "Аўтарадыё". Адпаведныя рашэнні прыняў суддзя Дзмітры Аляксандраў 29 сакавіка. Тады ВГС пакінуў у сіле папярэджанне "Аўтарадыё" за "экстрэмізм" і захаваў забарону на наземнае вяшчанне.


Пра гэта Еўрарадыё паведаміў дырэктар "Аўтарадыё" Юры Базан.


Базан: "Аўтарадыё было закрыта, выпуск быў спынены па-за межамі закона "Аб сродках масавай інфармацыі". З пункту гледжання права рашэнні суда мусяць быць адмененыя і мусіць быць прызначаны новы разгляд справы".


Ці быць новаму судоваму паседжанню па гэтай справе, будзе вырашана 11 траўня, кажа Базан. Цяпер суд проста прыняў скаргі да разгляду. 


Нагадаем, радыё знікла з эфіру 15 студзеня. Напярэдадні кіраўніцтва радыёстанцыі атрымала папярэджанне ад Мінінфармацыі за парушэнне творчай канцэпцыі ды распаўсюд інфармацыі, што змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці. 9 сакавіка ВГС прызнаў папярэджанне Мінінфармацыі несапраўдным. Але пазней гэтае рашэнне было адмененае.